Жатва-2018

 

Официально

Регион

У Шаршун ёсць цёзка – вёска

Прыезджыя жартам называюць мясціны вакол Шаршун «мядзведжым кутам», бо тут самы аддалены сельскі Савет Мінскага раёна і лясныя прасторы. Між іншым, аграгарадок Шаршуны мае цёзку – недалёка месціцца вёска з такой жа назвай.
 
Увогуле, назва «Шаршýны» пайшла ад прозвішча Шэршун, а тое, у сваю чаргу, – ад назвы насякомага «шэршань». Кажуць, што і сёння тут хапае шэршняў. І яны часта заводзяцца на гарышчах дамоў, куды нашчадкі былых гаспадароў прыязджаюць толькі на лета. 
Вёска Шаршýны ўпамінаецца ў летапісных кнігах з 1791 года. Як шляхецкая ўласнасць А. Вадзіцкага. Пазней упамінаюцца і хутары, якія былі раскіданы па лесе: Шаршуны 1-я, 2-я, 3-я... На месцы ж сучаснага аграгарадка быў фальварак. Тут у 20-я гады ХХ стагоддзя была пабудавана бальніца, у якой праводзіліся даволі складаныя для таго часу аперацыі. Медыцынская ўстанова і дала штуршок росту пасёлка, які пазней атрымаў статус аграгарадка.
 
На пачатку 2018 года ў ім зарэгістраваны 591 жыхар, у тым ліку 126 дзяцей. Сем’яў – 222. У вёсцы ж Шаршуны – 14 чалавек, у тым ліку 1 дзіця. Сем’яў – 4. У вёсцы ўсяго 4 жылыя дамы, астатнія выкарыстоўваюцца як дачы.
 
Мясціны тут вельмі прыгожыя, краявіды прывабліваюць чысцінёй, добрымі дарогамі, акуратнымі дамамі і платамі. Да сталіцы – 35 кіламетраў.
 
– Сучасны аграгарадок Шаршуны – паселішча з усёй неабходнай інфраструктурай. Ёсць амбулаторыя, школа-сад, тры магазіны дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, аптэка, бібліятэка, пошта, аддзяленне ашчаднага банка. У 2005 годзе ў аграгарадок прыйшоў прыродны газ, – расказвае мясцовы бібліятэкар і краязнаўца Ала Гаеўская.
 
Тут сустракалі Купалу
 
Шаршуны ганарыцца тым, што ў 1919 годзе па тутэйшай зямлі хадзіў пясняр Беларусі – народны паэт Янка Купала. Тыдзень ён правёў у вёсцы Гайдукоўка, што за кіламетр ад аграгарадка Шаршуны. Тут ім напісаны два вершы – «Груган» і «Беларускія сыны».
 
«Штурмавая» і яе героі
 
Лясы, вакол лясы… У гэтым краі ў гады вайны дыслацыраваліся партызаны. За вёскай Сэрэдняе размяшчалася брыгада «Штурмавая» (з сакавіка 1942 года па ліпень 1944-га), у якой ваявалі многія жыхары навакольных вёсак, у тым ліку і Шаршун. Самая вядомая баявая аперацыя брыгады – вызваленне выхаванцаў дзіцячага дома вёскі Сёмкава. Гэта гісторыя стала сюжэтам рамана Мікалая Чаргінца «Аперацыя «Кроў».
 
Загінулыя знайшлі вечны спакой на могілках вёскі Сярэдняе. Ім пастаўлены помнік – з велічнай фігурай партызана. Тут пахаваны і сакратар Заслаўскага РК КПБ Іван Дубовік.
 
Да Дня Перамогі ў Шаршунах каля помніка загінуўшым танкістам, якія гераічна вызвалялі гэтыя мясціны, праводзіцца мітынг-рэквіем. Другі помнік прысвечаны спаленым жывымі жыхарам вёсак Бахметаўка і Камкі.
 
– Мы ганарымся кожным героем, які жыў на тэрыторыі нашага сельсавета, – кажа Ала Гаеўская. – Генерал-маёр Міхаіл Пуцэйка – ураджэнец вёскі Раўкуцевічы. Генерал «Наперад» – так называлі яго баявыя таварышы за бясстрашны характар і баявыя подзвігі. Ён камандаваў 254-й Чаркаскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіяй… Сёння на тэрыторыі сельскага Савета застаўся адзін ветэран вайны – Пётр Сцяпанавіч Булда, яму 95 год.
 
Вуліца імя Савенкі
 
Пасля вайны, у 1944 годзе, Шаршуны сталі центральнай сядзібай калгаса «Чырвоная Армія». Яго ўзначаліў Адам Мацкевіч – былы партызан брыгады «Штурмавая».
 
– Потым 1966 год прынёс шмат змен. Быў створаны саўгас «Савецкі». Будаўніцтва жылля паспрыяла прытоку кадраў у гаспадарку. З’явіліся дзіцячы садок, лазня, сталовая, – кажа краязнаўца. – Росквіт гаспадаркі прыпаў на 1979–1985 гады, калі ёй кіраваў Эдуард Савенка. Нездарма галоўная вуліца носіць яго імя. 
 
Змены, што прынеслі 90-я, запаволілі развіццё Шаршун. Але потым на землі саўгаса «Савецкі» прыйшла расійская кампанія «Слаўнафта». У 2004 годзе ўтвораны філіял «Слаўнафта Агра». 
 
Сёння тут месціцца цэнтральная сядзіба ААТ «Шаршуны-Агра» (знаходзіцца на мяжы з Маладзечанскім і Лагойскім раёнамі). 
 
Вучыцца і яшчэ раз вучыцца
 
Да Вялікай Айчыннай вайны школа была ў Раўкуцевічах. У гады ліхалецця яе будынак спалілі. Дзеці займаліся па хатах у Раўкуцевічах і часткова – у панскім доме ў Шаршунах. 
 
У 1948 годзе тры драўляныя будыніны з Раўкуцевіч былі перанесены ў Шаршуны, дзе і размясцілася школа. Мела яна назву Раўкуцевіцкая. І толькі ў 1988 годзе, калі быў узведзены двухпавярховы будынак з актавай і спартыўнымі заламі, яна стала называцца Шаршунскай.
 
Ад старой школы засталося толькі адміністрацыйнае збудаванне.
 
Ад «Івана-ізбача»
 
У 1945-м быў пабудаваны Шаршунскі сельсавет. Будынак захаваўся – цяпер там жыллё. Туды з панскага дома, якога даўно няма, была перанесена пошта, а частку памяшкання адвялі пад хату-чытальню, першым работнікам якой стаў Іван Сокал. У наро-
дзе яго называлі «Іван-ізбач». Кніжны фонд быў невялікі – размяшчаўся ўсяго на шасці паліцах.
 
У 1955 годзе на працу ў бібліятэку прыехала Еўдакія Савіцкая. Для павялічэння колькасці чытачоў бібліятэкар з памочнікамі насіла кнігі па навакольных вёсках.
 
– Дваццаць год тут адпрацавала Ганна Гарэлік, – дадае Ала Гаеўская. – Біліятэка ў пасёлку была пастаянна запатрабавана, бо з развіццём саўгаса «Савецкі» насельніцтва павялічвалася. Па словах Ганны Паўлаўны, кнігу любілі. Каб прачытаць літаратурныя навінкі, людзі стаялі ў чарзе.
 
Ала Гаеўская працуе тут з 2006 года. У 2007-м прайшло абнаўленне бібліятэкі. На сёння тут налічваецца 350 чытачоў.
 
Царква Іаана Прадцечы
 
У аграгарадку будуецца праваслаўны храм у гонар святога прарока Іаана Прадцечы. Адначасова ў царкве падчас службы змогуць знаходзіцца да 150 вернікаў.
 
А яшчэ ж зусім нядаўна, 6 ліпеня гэтага года, па блаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі было асвечана месца пад новабудоўлю. Прайшоў малебен. 
 
Наогул, будзе ўзведзена не толькі царква ў візантыйскім стылі, але цэлы храмавы комплекс. Будаўніцтва павінна завяршыцца ў кастрычніку 2019-га.
 
– Вяскоўцы даўно хацелі, каб у Шаршунах была свая царква, – расказвае Ала Гаеўская. – І тут у нашых мясцінах з’явіўся багаты мецэнат. Кажуць, гэта першы выпадак у Беларусі, калі храм будзе будавацца цалкам за сродкі дабрачынца.
 
Усе выдаткі на будаўніцтва храмавага комплексу ўзяў на сябе расійскі прадпрымальнік Міхаіл Гуцарыеў. Гэта не першы такі праект мецэната. Ён будуе не толькі цэрквы, але і сінагогі, і мячэці.
 
Са «Святой крыніцы» напіцца вадзіцы
 
Шаршунцы раяць гасцям наведаць «Святыя крыніцы» – гідралагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння, што непадалёк. Захавалася легенда аб узнікненні тых крыніц. Калісьці на гары стаяла царква. За людскія грахі яна пайшла пад зямлю, а з таго месца і сталі біць крыніцы. Буйных іх тут шэсць. І яшчэ мноства малых. Бягуць у рэчку Удранку.
 
– Вада ліецца, звініць, булькоча, бразгоча, таму ў народзе гэтае месца яшчэ называюць Бразгухай, – усміхаецца Ала Гаеўская. 
На крыніцах Краснасельскім лясніцтвам абуладкаваны месцы для адпачынку. Тут грыбныя і ягадныя мясціны. У лесе шмат звяроў: ласі, алені, дзікія кабаны, зайцы, касулі, лісы.
 
Вера КАРАНЕЦ 

Комментарии:

07.09.2018 18:45 Казiмiр:

Дзякуй Вам за такi цiкавы i прыгожы артикул праздником нашыя любыя Шаршуны!!!

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter