Прысталiчча

Газета Минского района

Пра што пісала газета ў суровы час вайны і акупацыі



 Доўгі час наша газета называлася “Шлях соцыялізма”. У другім слове назвы, паводле  сучасных правіл беларускай арфаграфіі, трэба было б пісаць “а” замест “о” і канчатак слова ў родным склоне -- “у”. Але не забудзем, што тады для сацыялізму як грамадскай фармацыі было зроблена выключэнне ў правапісе. Ды хіба гэта галоўнае? Я быў вельмі здзіўлены, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на маё пытанне пра самае ранняе выданне раённай газеты “Шлях соцыялізма” пачуў адказ: “Ёсць падшыўка за 1943 і пачатак 1944 гадоў, праўда, не ўсе нумары”. 

І вось я з хваляваннем трымаю ў руках невялікую папку з пажоўклымі ад часу лістамі, пэўна, крыху большымі за фармат А4. Заўважаю, што яны апрацаваны нейкім сродкам для найлепшай захаванасці. Цяжка нават уявіць,  у якіх умовах, якімі намаганнямі патрыётаў стваралася газета, як яна распаўсюджвалася сярод насельніцтва і партызан падчас фашысцкай акупацыі. Выданне з’яўлялася органам Мінскага падпольнага сельскага РК КП (б) Б. Выходзіла ў такім фармаце з мая 1943 года і амаль да вызвалення беларускай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ва ўсякім разе, тыя нумары, якія я бачыў. Над назвай уверсе справа надпіс: “Прачытай і перадай другому”. Абсалютная большасць матэрыялаў на беларускай мове. На рускай толькі тыя, якія прыйшлі ад Саўінфармбюро і ТАСС. Як, напрыклад, перадавы артыкул за 13 мая “Усилить удар по врагу” і там жа -- “Налёт нашей авиации”. Дарэчы, зводкі Саўінфармбюро выходзілі аператыўна. Напрыклад, за 22 мая -- у газеце ўжо 23 мая. А злева там перадавіца “Фашызм -- вораг народа” напісана па-беларуску і, па ўсім відаць, штатнымі супрацоўнікамі газеты. Галоўны сэнс артыкула можна звесці да аднаго закліку: “Беларусы, уставайце ўсе на барацьбу з праклятымі захватчыкамі!”. 
Пад кожным матэрыялам стаіць кароткі подпіс. Напрыклад, Уладзімір А. Ці Мікола С. пад карэспандэнцыяй аб слаўных справах мясцовых партызан “Эшалоны ляцяць пад адкос”. Мяркую, што нават у такім скарачэнні яны не сапраўдныя.  Не выключана, што газета часам трапляла ў рукі ворагаў. Асабліва небяспечна, калі гэта былі здраднікі з мясцовых, якія маглі па ініцыялах,  супастаўляючы з выданнямі газеты да вайны, “вылічыць” аўтараў і  іх сем’і. І так рызыкі хапала. 
У падпольным  выданні існавала  пастаянная рубрыка “За граніцай”. Сярод такіх матэрыялаў -- “Барацьба югаслаўскіх партызан”, “Высадка французскіх войск на востраве Корсіка” і ншыя. 
Падрабязна спынюся на рэпартажы “На мітынгу партызанскага атрада”. Цытую яго амаль цалкам: “Вестка аб вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горада Сталіна -- сэрца ўсесаюзнай качагаркі -- маланкай абляцела ўсе падраздзяленні партызанскага атрада, дзе камандзірам т. П. Дзяжурны аб’яўляе аб зборы на мітынг. Не прайшло і 1,5 мінуты, як усе былі ў поўным зборы. Усе партызаны вясёлыя, радасныя, бадзёрыя. Камісар атрада т. С. аб’яўляе: “Таварышы!  Мітынг, прысвечаны вызваленню Чырвонай Арміяй  горада, які носіць імя нашага вялікага, роднага і любімага правадыра таварыша Сталіна, дазвольце лічыць адкрытым”. Доўга не змаўкае гром апладысментаў і воклічы: “Ура!”, “Няхай жыве наш родны Сталін!”, “Слава Чырвонай Арміі!”. Камандзір атрада падае каманду “Смірна!”. І камісар зачытвае загад Галоўнага камандуючага Маршала Савецкага Саюза т. Сталіна, віншуе ўсіх з вялікай перамогай Чырвонай Арміі і заклікае да ўзмацнення барацьбы ў тыле ворага: “Наш атрад, маючы на сваім рахунку мноства подзвігаў, будзе біць праклятую немчуру на кожным кроку”.
Выступаюць партызаны. Яны ўсе гатовы біць ворагаў да поўнага іх знішчэння. Мітынг заканчваецца пад бурныя апладысменты і воклічы: “Няхай жыве таварыш Сталін!”
Подпіс: “Леанід Б., памочнік камісара па комсамолу”
Не сакрэт, што некаторыя грамадзяне, якія знаходзіліся на акупіраванай тэрыторыі, паддаваліся фашысцкай агітацыі і былі гатовы добраахвотна пераехаць у Германію. Менавіта да мірных жыхароў быў звернуты артыкул “Ратуйцеся ад знішчэння і ўгона ў фашысцкае рабства”. Газета растлумачвала, штó сапраўды чакае людзей, якіх насільна вывозяць у Германію, ці нехта сам згаджаецца на пераезд туды.
Аб тым, што вялікая краіна СССР працягвае жыць клопатамі пра людзей, пра нарошчванне эканамічнага і абароннага  патэнцыялу, можна было даведацца з афіцыйнага матэрыялу, які аператыўна прыйшоў з Масквы, -- “Сессия Верховного Совета СССР первого созыва”. І там жа пастанова -- “О преобразовании Наркомата Обороны и Наркоминдела из общесоюзных в союзно-республиканские наркоматы”. Аб чым газета інфармавала 2 лютага 1944 года.
Партызанская барацьба супраць ворага шырылася і набывала новы размах. Пра што, думаю, сведчыць наступны матэрыял на рускай мове -- “Ответ минских партизан на обращение гресских партизан”. Населены пункт Грэск, як мы ведаем, знаходзіцца ў Слуцкім раёне. Шлях няблізкі ад Мінска. Але, відаць, сувязі і каардынацыя дзеянняў паміж партызанскімі атрадамі і брыгадамі былі наладжаны.
Падшыўка падпольнага “Шляху соцыялізма” заканчваецца пачаткам чэрвеня 1944 года.
Стваральная праца ў пачатку 50-х
Я спецыяльна папрасіў падшыўку мінскай раённай газеты за 1950 год. Назва ранейшая -- “Шлях соцыялізма”. Выходзіць у фармаце А3, праўда, спачатку адным лістом. І ўжо як орган Мінскага сельскага РК КП (б) Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных. А ўверсе над назвай -- “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!” і ніжэй -- Комуністычная партыя КП (б) Б.  Эпоха сталінізму працягвалася. Я не сустрэў на старонках раёнкі матэрыялы пра асуджэнне  “ворагаў народа”. Але “любімага правадыра” па-ранейшаму ўслаўлялі, на яго цытаты спасылаліся. І вось прыклад -- на першай старонцы ў адным з першых нумароў газеты.
Таварыш Сталін, бацька наш любімы!
Для нас няма нічога даражэй
Твайго імя, бо ўсе твае сыны мы. 
Яднае нас святло тваіх ідэй.
(З пісьма таварышу Сталіну ў гонар 70-годдзя ад беларускага народа)
Выкарыстоўваецца даволі шмат матэрыялаў ТАСС аб найважнейшых  падзеях палітычнага і эканамічнага жыцця СССР і замежжа, як, напрыклад, “Забастоўка гарнякоў у ЗША”. Але галоўнае месца займае эканоміка раёна. Вось толькі некаторыя загалоўкі артыкулаў: “Больш лесу народнай гаспадарцы”, “Цёплая і сытная зімоўка жывёле”, “Аграрная вучоба калгаснікаў”. Нават вынікі спаборніцтва Мінскага і Дзяржынскага раёнаў па тэмпах вясенне-палявых работ знаходзілі адлюстраванне. Дарэчы, найлепшымі паказчыкамі славіўся Мінскі. Шэраг матэрыялаў і нават цэлыя нумары прысвячаюцца выбарам у Вярхоўны Савет СССР, а праз колькі часу -- выбарам народных суддзяў. Калі вылучалі кандыдатаў у дэпутаты ВС ад Мінскага раёна, абавязкова першым нумарам называлі т. Сталіна і яшчэ каго-небудзь з кіруючых органаў СССР. І толькі пасля -- прадстаўніка Мінскага раёна, які звычайна і выбіраўся дэпутатам. З’явіліся здымкі, якія раней адсутнічалі ў газеце, -- галоўным чынам ад БелТА і рэспубліканскіх выданняў. Вядома ж, у чорна-белым адлюстраванні. 
Працягваюцца публікацыі сельскагаспадарчай тэматыкі. Так, 1 кастрычніка газета піша пра неабходнасць завяршыць у бліжэйшыя дні падрыхтоўку да зімовага ўтрымання жывёлы. І побач матэрыялы з такімі назвамі: “Падтрымаем пачын комсамольцаў калгаса імя ЦК КП (б) Б”, “Насустрач 33-й гадавіне Вялікага Кастрычніка”. Рубрыкі тады практычна адсутнічалі, хаця многія загалоўкі матэрыялаў, па цяперашніх паняццях, так і просяцца пад рубрыку -- у прыватнасці, “Шырэй перадкастрычніцкае соцыялістычнае спаборніцтва”.   
І вось важная навіна: з 1 лістапада 1950 года пачала выходзіць абласная газета “Мінская праўда” -- орган Мінскага абласнога і гарадскога камітэтаў КП (б) Б, абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных. Сёлета “Мінская праўда” адзначыць сваё 70-годдзе, газета Мінскага раёна больш чым на 15 няпростых год старэйшая за абласную.  Выходзіла раённая газета, як мы ведаем, пад рознымі назвамі, а рэдакцыі даводзілася неаднойчы мяняць свой адрас. Цяпер жа “Прысталічча” ўваходзіць у адзін холдынг з  “Мінскай праўдай”.
Журналісты заўсёды лічылі за гонар працаваць у газеце прысталічнага раёна. Праўда, тады было прынята пад матэрыялам указваць толькі ініцыял і сапраўднае прозішча. Да псеўданімаў звярталіся толькі тады, калі два ці больш матэрыялаў  таго ж аўтара друкаваліся  на адной паласе. Дарэчы, адказным рэдактарам (так называлася пасада кіраўніка газеты) у той час была А. Целяшэўская. Больш за сем гадоў у штаце “Прысталічча” працаваў і аўтар гэтага артыкула. Спадзяюся, пастаянныя чытачы заўважылі, што і цяпер я імкнуся не страчваць сувязь з роднай газетай. 
З 85-годдзем цябе, “Прысталічча”!
 
Міхась ВЯРГЕЙЧЫК, член Беларускага саюза журналістаў  
 

Оставить комментарий: