Жатва-2018

 

Официально

Регион

Корпус Д 2 – дом №2, альбо Парацэльсы дзіцячай душы

Калектыў анкалагічнага аддзялення: загадчыца Вольга Ушакова, урач Валянціна Барушка, старшая медыцынская сястра Ганна Капусцінская, медыцынскія сёстры – Алена Іванчык, Алена Касач, Тамара Гарбовіч, Алла Чурсіна, сястра-гаспадыня Раіса Дземідовіч, санітаркі Тамара Дойкіна, Тамара Мархель, Інна Рыбчык і выхавацель Дар’я Кафарава

Анкалагічнаму аддзяленню Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі споўнілася 20 гадоў. Многа гэта ці мала? Для тых, хто штодзённа лечыць дзіцячыя душы, здаецца, што ўсё пачалося быццам учора, для гісторыі – усяго толькі імгненне, для былых пацыентаў – цёплыя ўспаміны і новае жыццё, а для тых, хто атрымлівае дапамогу зараз, – надзея на здаровую будучыню.

– Усё пачыналася няпроста, – згадвае галоўны ўрач Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі Галіна РАДЫЁНАВА (на здымку). – Праблема рэабілітацыі дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі наспела яшчэ ў 90-я гады і патрабавала стварэння айчынных цэнтраў, якасных і не горшых за замежныя. У хуткім часе на базе старога корпуса з’явіўся новы. Першымі пацыентамі сталі дзеці з бацькамі – установа мела статус санаторыя, фінансаванне ішло за кошт сродкаў сацыяльнага страхавання. Для завяршэння будаўніцтва не хапала грошай. Але лёс падараваў сустрэчу са старшынёй міжнароднай ініцыятывы «Дзеці ў бядзе» Яўгенам Украінцавым. Пры непасрэдным удзеле Міністэрства аховы здароўя да нас паступіла вялікая грашовая падтрымка.

Аддзяленне адчыніла дзверы – і гэта была сапраўдная казка. Прыемна, што на працягу ўсіх 20 гадоў побач з намі партнёры, спонсары і былыя пацыенты з усёй рэспублікі, для якіх корпус Д2 стаў другім домам. Менавіта яны – значны вынік нашай працы і прамы доказ таго, што трэба лячыцца, праходзіць рэабілітацыю – і ў гэтым сэнс працы і медыцыны, і педагогаў, і псіхолагаў і ўсяго персаналу, прычым на бяспечным узроўні, што таксама вельмі важна. Я ганаруся тым, што сёння ў нас ёсць амаль усё неабходнае для паўнацэннай рэабілітацыі. Ганаруся калектывам, які мяне заўсёды падтрымлівае і адказна падыходзіць да сваёй працы. А самае галоўнае – шчыра і самааддана любіць дзяцей.

Юбілей аддзялення стаў сапраўднай сямейнай урачыстасцю, якая сабрала толькі самых блізкіх – тых, хто лечыць, і тых, хто прыехаў з розных куткоў Беларусі, каб выказаць шчырыя словы падзякі сваім выратавальнікам і даказаць, што пасля рэабілітацыі жыццё працягваецца. 
 
Анастасія Сухава:
 
– Выхоўвалася ў інтэрнаце і трапіла ў Астрашыцкі Гарадок выпадкова. Як кажуць, шчаслівы выпадак. Я зразумела, што значыць жыць у сям’і, а не сама па сабе, што такое ўзаемадапамога і спачуванне. Праз 11 гадоў цвёрда магу сказаць, што я шчаслівы чалавек, бо маю дзве сям’і – адну маленькую, сваю, а другую вялікую – блок Д2, дзякуючы якой я працягваю жыць.
 
Аляксандра Маслава:
 
– У анкалагічным аддзяленні знаходзілася па 5 месяцаў на год. За час рэабілітацыі з’явілася шмат сяброў. Прыемна, што праз сацыяльныя сеткі мы знайшлі адзін аднаго і  сустрэліся на сённяшнім юбілеі. 
 
Ганна Крычко:
 
– У 7 гадоў разам з мамай я прыехала сюды на рэабілітацыю першы раз, а потым яшчэ 12 разоў. Сёння для нас сапраўднае свята, бо мы змаглі ўбачыцца з сябрамі і ўрачамі.
 
Сяргей Рыбчык:
 
– Праходзіць рэабілітацыю ў анкалагічным аддзяленні давялося 6 разоў. Медыцынскі персанал цудоўны, з вялікім сэрцам. Лічу, што такія мерапрыемствы вельмі патрэбны і нам, былым пацыентам, і тым, хто праходзіць рэабілітацыю зараз: для іх мы – жывы прыклад таго, што жыццё працягваецца. 
 
Зарына Кудзелка:
 
– Трапіла ў Д2 у 1999-м. Пасля было яшчэ шмат заездаў, кожны раз новыя эмоцыі і новыя сябры. Пакідаючы рэабілітацыю, сумавала па ім. Тут заўсёды цёпла, камфортна і ўтульна, быццам дома!
 
Прысутнічалі на свяце і ганаровыя госці: старшыня дабрачыннага фонду «Дзеці ў бядзе» Яўгеній Украінцаў, спецыяліст фонду Алена Логутава, загадчыца анкалагічнага аддзялення ў 1998 годзе Ніна Петрычэнка. Асабістыя віншаванні даслалі: фрау Карла Аурых з Германіі – прэзідэнт дабрачыннага фонду «Сонца дзецям Чернобыля», і  міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка.
 
Першымі пацыентамі корпуса Д2 у 1998 годзе сталі Ірына Куцуха з сынам Артурам. 
 
– Студзень 1998-га прынёс у сям’ю цяжкую вестку: у Артура анкалогія. Нас накіравалі ў Астрашыцкі Гарадок, дзе толькі пачало функцыянаваць новае анкалагічнае аддзяленне. Рэабілітацыю праходзілі 11 дзяцей з мамамі, мы пазнаёміліся і пасябравалі. Цудоўна, што на той момант побач аказаліся кампетэнтныя спецыялісты корпуса Д2. Сёння Артуру 26, у яго свой бізнес, сям’я, а я стала шчаслівай бабуляй. Тых эмоцый радасці і болю, якія мы перажывалі на працягу 20 гадоў, не перадаць словамі, бо самае галоўнае – гэта жыццё. 
 
Калектыў анкалагічнага аддзялення – адна вялікая духоўная сям’я, якая вось ужо 20 гадоў захоўвае сваю галоўную каштоўнасць – давер пацыентаў і бацькоў. 
 
Але па-іншаму і быць не можа, гэта зразумела з самых першых крокаў: такім спецыялістам не магчыма не давяраць. Сваёй шчырасцю, адкрытасцю, сардэчнасцю, харызматычнасцю, разуменнем справы яны лечаць не толькі цела, а і ўразлівую дзіцячую душу – добрым словам, казкай, цёплымі абдымкамі і пацалункамі. «Маленькі блок Д2 – маленькі дом два» – так гучаць словы гімна анкалагічнага адзялення. Для многіх менавіта яно стала тым сапраўдным домам, дзе любяць, ахоўваюць, клапоцяцца, помняць і перажываюць сэрцам кожны дзіцячы лёс. 
 
Вольга Ушакова, загадчыца аддзялення рэабілітацыі (анкалагічнага):
 
Аддзяленне шматфункцыянальнае і ўнікальнае. Да пяці гадоў дзеці прыязджаюць разам з мамамі, а дзеці-інваліды да 18 гадоў у суправаджэнні дарослых (для іх прадугледжаны індывідуальныя палаты з выгодамі). Пацыенты атрымліваюць комплекснае лячэнне, у тым ліку і псіхалагічную падтрымку. Стараемся, каб усе адчувалі сябе як дома, таму пра медыцынскую ўстанову нагадвае хіба толькі белы халат. Персанал вопытны, таму і дзеці да нас адкрытыя, дзеляцца сваімі праблемамі. Іх шчырыя усмешкі і шчаслівыя твары – найлепшая ўзнагарода за нашы намаганні. 
 
Цёплыя словы падзякі і павагі ў адрас медыцынскага персаналу выказваюць бацькі і сённяшніх пацыентаў – Алена Сазанава з дачкой Васілісай, Святлана Гоман з дачушкамі Карынай і Вікторыяй, Алена Тарасава з сынам Дзмітрыем:
 
– Мы вельмі задаволены ўсёй аздараўленчай базай, прафесіяналізмам медыкаў. Кожны новы заезд атрымліваем не толькі фізічныя сілы, а і духоўныя. Дзеці таксама з вялікім натхненнем чакаюць пуцёўку, бо тут сябры і людзі, якія ўжо даўно сталі блізкімі, якім можна поўнасцю даверыцца, і вынік, верым, абавязкова будзе…  
 
За добрасумленную працу Граматамі Міністэрства аховы здароўя і грашовымі прэміямі адзначаны Валянціна Барушка і Алена Касач; Граматы ДУ «Рэспубліканская дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі» і грашовыя прэміі атрымалі Вольга Ушакова, Алена Іванчык і Тамара Гарбовіч. 
 
Усіх, хто прысутнічаў на ўрачыстасці, уразіла слайд-шоу з фотаздымкаў жыцця бальніцы на працягу 20 гадоў. Мінулыя дні са слязамі на вачах перажывалі жанчыны, якія працавалі тут у розныя гады: Соф’я Лявіцкая, Вікторыя Лагуновіч-Чарапко, Валянціна Курчэўская, Зінаіда Навіцкая, Аляксандра Дзямідовіч і Ганна Мірановіч. 
 
А які ж юбілей без падарункаў і сюрпрызаў! Раённае грамадскае аб’яднанне  “Белая Русь” прадставіла старшыня пярвічнай арганізацыі Лілія  Грынюк, якая перадала словы віншавання з нагоды юбілею ад Галіны Харытонавай і ўручыла падарункі Ганне Капусцінскай, Веры Сарока,  Веры Змітровіч,   Альфіі Бухцілавай і Ларысе Хазанавай. А вось для дзяцей сапраўдным сюрпрызам стала шоў мыльных бурбалак, дрэсіраваных сабак і клоўнаў.
 
Анкалагічнае аддзяленне Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі – зладжаны калектыў высокапрафесійных спецыялістаў, якія на працягу вось ужо 20 гадоў сэрцам адчуваюць дыягназ кожнага маленькага пацыента. Тут няма выпадковых людзей, і сёння іх па праву можна назваць Парацэльсамі дзіцячай душы. 
 
Ксенія ЦІХАН

 

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter