Регион

Калі проціпаставіць адгаворкам зацікаўленасць

Год малой радзімы – выдатная нагода для шматлікіх цікавых і добрых спраў на карысць родных мясцін. Але, канечне, клапаціцца пра мілы сэрцу куточак, любіць яго і паважаць трэба заўсёды, без падказак. Такое стаўленне да сваёй зямлі, імкненне захаваць яе скарбы, адметнасці можна пабачыць у Астрашыцка-Гарадокскім сельсавеце. Што зроблена за апошні час і што плануецца надалей? Чаму людзі не спасылаюцца на занятасць, а знаходзяць магчымасці, сілы і сродкі, каб нешта змяняць да лепшага?
 
 
Сама назва адміністрацыйнага цэнтра сельсавета сведчыць пра старажытнасць яго паходжання. У мінулым «гарадкамі» былі ўмацаваныя паселішчы, якія звычайна ўзнікалі на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. На месцы сучаснага Астрашыцкага Гарадка такое з’явілася ў XV стагоддзі, але знаходкі керамікі падцвярджаюць, што насамрэч людзі тут жылі яшчэ ў эпоху жалезнага веку. Населеным пунктам у розныя часы валодалі Астрожскія, Радзівілы, Тышкевічы… Да аб’ектаў, якія маюць інтарэс у гістарычным і культурным плане, неабходна аднесці помнік «Танк Т-34 на п’едэстале», Свята-Праабражэнскую царкву і капліцу, гарадзішча на беразе возера і ракі Усяжа, будынак старой школы, 1941 года пабудовы… У Раўбічах, у былым Крыжагорскім касцёле, пабудаваным у 1862-м, амаль 40 гадоў як размешчаны Музей беларускага народнага мастацтва. Дух захапляе ад узору неаготыкі такой рэдкай прыгажосці! Вельмі цікавая і ўнікальная экспазіцыя, якая знаёміць з найбольш распаўсюджанымі відамі народнага мастацтва: ткацтвам, ганчарствам, разьбой і роспісам па дрэве, пляценнем з саломы і лазы. Самыя старыя і каштоўныя экспанаты паходзяць з ХVI стагоддзя.
 
 
– Я ні ў якім разе не лічу, што тэрыторыя Астрашыцка-Гарадокскага сельсавета і мясцовыя гістарычныя аб’екты знаходзяцца ў ідэальным стане. Але імкнуцца дасягнуць ідэалу трэба заўсёды. Гэта павінна быць агульнай мэтай мясцовай улады, дэпутатаў, стараст вёсак, усяго насельніцтва, – адзначае пры сустрэчы старшыня Астрашыцка-Гарадокскага сельвыканкама Андрэй Мацкевіч.
 
На думку Андрэя Мікалаевіча, кожны кавалачак зямлі заслугоўвае клопату і павагі, а беражлівае і далікатнае стаўленне да помнікаў і адметных мясцін павінна стаць нормай. Адказны фронт работ у сельсавеце выконвае КУП «Астрашыцка-Гарадокскі сэр-
віс». Акрамя таго, за ўсімі аб’ектамі гісторыі і культуры замацаваны шэфскія арганізацыі і ўстановы. 
 
Тут не чакаюць, што нешта зробіцца само сабою. Вось толькі адзін прыклад. Ад старых яўрэйскіх могілак у Астрашыцкім Гарадку (апошняе пахаванне датуецца 1850 годам) мала што засталося, быў час, калі яны аказаліся занядбанымі. Па ініцыятыве сельвыканкама гістарычнае месца добраўпарадкавана. Там з’явілая добрая драўляная агароджа, пасаджаны дрэвы, на ўваходзе ўстаноўлены помнік. Гэта не адзін год працы, але сёння могілкі не сорамна паказаць гасцям, што прыязджаюць здалёк.
 
– Вельмі хочацца такім жа чынам (устанавіць помнік. – Аўт.) абазначыць месца, на якім знаходзіўся драўляны замак Тышкевічаў, – расказвае пра новую ініцыятыву старшыня. 
 
Маецца на ўвазе ўзвышша на беразе возера і ракі Усяжы, адкуль адкрываецца панарамны від на Астрашыцкі Гарадок. Калісьці там стаяла памятная дошка, але ад яе амаль нічога не засталося… Зараз сельвыканкам працуе з гісторыкамі, краязнаўцамі, каб дакладна вызначыць тэкст памятнага надпісу.
 
Канечне, ад «Гарадка пана Тышкевіча» няма і не можа быць і следу, усё разбурана яшчэ падчас руска-прускай вайны 1654–1667 гадоў. Але важна падкрэсліць, што месца, дзе ён калісьці быў, ужо само па сабе з’яўляецца гістарычным. Да таго ж помнік раскажа людзям пра іх мінуўшчыну, а менавіта з ведання роднай зямлі нараджаецца гонар, вельмі важны складнік патрыятызму.
 
Графскі род Тышкевічаў валодаў мясцовымі землямі  амаль тры стагоддзі. Добрай памяццю пра знакамітую сям’ю стане вуліца Тышкевічаў, якая не так даўно з’явілася ў цэнтры Астрашыцкага Гарадка. На ёй узведзены два новыя шматпавярховыя дамы пад нумарамі 2 і 4.
 
Належная ўвага надаецца помнікам і пахаванням часоў Вялікай Айчыннай вайны.
 
– Падтрымліваць іх у парадку – наш святы абавязак. Для гэтага насамрэч не патрэбны вялікія сродкі, – падкрэслівае Андрэй Мацкевіч. – Галоўнае – зацікаўленасць. 
 
А калі нехта кажа, што няма грошай, каб купіць бляшанку фарбы, – гэта пустыя адгаворкі… 
 
Асаблівую каштоўнасць мае помнік «Танк Т-34 на п’едэстале». Бітвы на подступах да Астрашыцкага Гарадка былі жорсткімі, шмат воінаў загінула ў супрацьстаянні з варожымі танкамі. Танк Т-34 быў узняты на брацкай магіле... Перад сёлетнім Днём Перамогі ААТ «Металбудпрофіль» у якасці спонсарскай дапамогі часткова абнавіла пліты мемарыяла. Хутка ж яго цалкам адрамантуюць за сродкі рэспубліканскага суботніка.
 
– Калі ўзнікла патэба ў сур’ёзным рамонце гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці, мы звярнуліся да старшыні Мінскага райвыканкама Івана Крупко, – расказвае Андрэй Мікалаевіч. – Па яго даручэнні выдаткавалі сродкі, распрацавалі праект рэканструкцыі, адбыўся тэндар…
 
Да наступных майскіх святаў усе работы павінны завяршыцца.
 
Помнікамі народнага драўлянага дойлідства з’яўляюцца Свята-Праабражэнская царква (1843 год) і капліца (канец XIX стагоддзя), пабудаваныя на ўсходнім ускрайку аграгарадка. Апошнім часам у храме ідуць рамонтныя работы. Далучыцца да добрай справы аднаўлення мясцовай святыні вырашылі і вучні Астрашыцка-Гарадокскай сярэдняй школы. І вось заўтра, 8 верасня, актывісты валанцёрскага атрада ГА «БРСМ» «У рытме сэрца» арганізуюць збор сродкаў і дабрачынны прабег «На адной хвалі».
 
 
– Мы звярнуліся з такой прапановай да айца Сергія, і ён нас падтрымаў, – кажа педагог-арганізатар ДУА «Астрашыцка-Гарадокская СШ» Кацярына Геронік.
 
Прыняць удзел у акцыі і ўнесці свой уклад у аднаўленне царквы можа кожны ахвотны. Запрошаны калектывы мясцовых прадпрыемстваў, прадстаўнікі сельвыканкама. Магчыма, далучыцца да дабрачыннага праекта школы біятланістка Вольга Назарава, неаднаразовая медалістка чэмпіянатаў свету і ўдзельніца Алімпіяд. 
 
Адна з добрых ініцыятыў школы – прапанова абвясціць парк у цэнтры аграгарадка, дзе часта збіраюцца дзеці, зонай без курэнняя і прысвоіць яму імя Перамогі. Адпаведныя таблічкі ўстановяць неўзабаве.
 
Каляндар Года малой радзімы гартаецца хутка. Шмат зроблена для ўшанавання родных мясцін у Астрашыцкім Гарадку і нямала спраў яшчэ чакае наперадзе. Уступае ў свае правы восень, трэба распачынаць пасадку дрэў, каб увесну населены пункт стаў прыгажэйшым, зелянейшым, прывабнейшым. 
 
Святлана ВАШЧЫЛА

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter