Прысталiчча

Газета Минского района

Выхаванцы садка ў Астрашыцкім Гарадку адсвяткавалі Багач



 21 верасня нашы продкі святкавалі Багач. Падсумоўвалі збор ураджая і рабілі задзел на новы сельскагаспадарчы год. «Багач – бярыся за рагач (саху), ідзі пад авёс араць», казалі беларусы. Галоўным сімвалам свята быў лубок з жытам, у які ўстаўлялі свечку. Ен так і называўся – багач. Дакрануцца да старажытных традыцый і пазнаеміцца з сельскагаспадарчым годам сваім выхававанцам прапанавалі ў ДУА “Астрашыцка-Гарадоцкі яслі-сад”.

Дзеці адзначылі старажытнае свята заканчэння ўборкі зернавых разам з бацькамі і выхавацелямі. Багач урачыста заняў сваё месца ў цэнтры стала. Згодна з павер’ямі, ён забяспечваў сем’ям дабрабыт і шчасце, таму кожны быў яму рады. Не выключэнне і нашы ўдзельнікі. З вялікім задавальненнем дзеці паспрабавалі жаць сярпом, чыталі вершы, спявалі, гралі на музычных інструментах, наперабой расказвалі прыказкі і прымаўкі аб працы, адгадвалі загадкі пра гародніну, вадзілі карагод. Падчас музычна-забаўляльнай праграмы выхаванцы збіралі бульбу, хадзілі па грыбы, пабывалі на кірмашы з бабкай Еўкай і дзедам Тамашом.

Па традыцыі пад канец свята багач быў перададзены наступнаму гаспадару з пажаданнямі багацця і шчасця.

Такія святы – заснаваныя на беларускіх звычаях і традыцыях –  дапамагаюць у лёгкай і забаўляльнай форме знаёміць выхаванцаў з побытам нашых продкаў, прывіваць дзеткам любоў і павагу да сельскагаспадарчай працы і народнай культуры.

Ганна ДРАНІЦКАЯ,

музычны кіраўнік

ДУА “Астрашыцка-Гарадоцкі яслі-сад”

Оставить комментарий: