Жатва-2018

 

Официально

Регион

Чаму міханавіцкая “Калыханка” не сумуе па Парыжы?

 Артыстаў узорнага фальклорнага ансамбля “Калыханка” з Міханавіцкага дома фальклору здзівіць няпроста. Яны спявалі разам з Вячаславам Бутусавым, гуртамі “Чыж і Ко” і “Калінаў мост”. Пакарылі айчынны праект “Тэлевяршыня”, Сербію, Германію і Францыю…

 “Калыханка” і далей не збіраецца змяншаць градус сваёй актыўнасці. Ансамбль заўсёды рады новым праектам, творчым аванцюрам і цікавым паваротам лёсу. Нязменным застаецца толькі адно — гарачая любоў да беларускіх народных песень, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў.

Усё пачыналася на… тэлеэкране

Гісторыя ўзнікнення ансамбля “Калыханка” цікавая і неардынарная. Пачыналася ўсё не менш, не больш, а адразу на… тэлеэкране. У той час кіраўнік ансамбля Ларыса Рыжкова была адной з вядучых любімай дзіцячай праграмы “Калыханка”. Яна вяла фальклорны цыкл перадач, у якіх расказвала дзеткам нанач беларускія казкі і паданні. Хутка ўзнікла ідэя спяваць яшчэ і народныя песні. 

— Для гэтага трэба было сабраць дзіцячы ансамбль, — узгадвае Ларыса Рыжкова. — Дзяцей шукала, вядома ж, у родных Міханавічах, каб зручна было збірацца ўсім разам на рэпетыцыі. Спачатку абышла свой пад’езд. Затым параілі звярнуцца ў дзіцячы садок. Запомнілася першая масленічная песня, якую выканалі ў праграме. Спявалі тады яшчэ не вельмі добра. Але ж трэба было з нечага пачынаць. І, галоўнае, што  гэта было нешта сапраўднае, жывое. Мяркую, таму наш ансамль і не стаў нейкай часовай з’явай, а на шмат гадоў дзяцей і дарослых аб’яднаў любоўю да родных песень, якія мы, дарэчы, развучваем непасрэдна з голасу народных выканаўцаў.

Ансамбль з самага пачатку атрымаў такую ж назву, як і перадача, — “Калыханка”. Сёння ў ім ужо спяваюць і дарослыя, і школьнікі. Пакрыху далучаюцца дзеці дашкольнага ўзросту. Так, салістка Наталля Ляўкоўская на канцэрты прыязджае з трохгадовай дачкой Златай. Ёсць спадзяванні, што “Калыханка” стане для іх яшчэ і сямейнай справай.

Цікава, што жыццё многіх яго першых удзельнікаў па-ранейшаму непарыўна звязана з ансамблем “Калыханка”. Безумоўна, патрабуюць часу і  работа, і хатнія справы. І ўсё ж і праз дваццаць сем гадоў удзельнікі першага складу ансамбля па-ранейшаму сустракаюцца на репетыцыях і выступаюць, а калі выпадае хвілінка, узгадваюць мінулае.

Бутусаву спелі на “выдатна”

З  цягам часу юныя выканаўцы “выраслі” з кароткіх штонікаў праграмы “Калыханка”. Яна стала толькі яркай старонкай іх мінулага. А вось аднайменны ансамбль па-ранейшаму трымаў падросшых дзяцей разам. Былі шматлікія паездкі, канцэрты, аб якіх таксама засталося нямала добрых успамінаў. Адно з іх — выступленне ў праекце знакамітага Бутусава.

Вячаслаў Бутусаў шукаў у Беларусі дзіцячы калектыў для свайго праекта “Авалы”, які прысвяціў дачцэ. Ніяк не атрымлівалася знайсці тых, з кім можна было б  “спецца”. “Калыханку”  запрасілі на пробы ў канцэртную залу “Мінск”. 

— Прыехалі на так званыя агледзіны, — расказвае Ларыса Рыжкова. — Мы спявалі, стараліся. А Бутусаў сядзіць і нават не глядзіць на сцэну, быццам нас там і няма. Як гэта успрыняць, было не зразумела. Але ж напрыканцы выступлення ён раптам павярнуўся і сказаў: “Выдатна”. Так і пачалося наша супрацоўніцтва. 

У праекце ўдзельнічалі некалькі беларускіх гуртоў. “Калыханку” перайменавалі ў рок-гурт “Куманёк”. Міханавіцкія артысты спявалі пяць сваіх песень і некалькі падпявалі Бутусаву.

— Вядома ж, тады гледачы больш за ўсё чакалі выхаду самога Бутусава, — з легкай усмешкай успамінае Ларыса. —  Але дзеля яго “трывалі” і слухалі і іншых. Было весела! Асабліва палюбілі нашу песню “Масленіца”. Гукалі разам з намі. У выбары рэпертуару ў нас была поўная свабода. Увогуле, заўважыла: чым вышэй забярэшся, тым лягчэй працаваць. Табе ніхто не кажа, як і што трэба  рабіць, не дыктуе ўмоў. Раз ты сюды трапіў, адчуваецца давер. Але каб застацца, трэба трымаць высокую планку. Працаваць так, каб гледачам было “смачна” і цікава!

Заўважыла, што ўсе знакамітасці, з якімі супрацоўнічалі, перад выступленнем засяроджаны толькі на рабоце. Яны быццам абсалютна нічога і нікога не бачаць. Думаюць толькі аб тым, што і ў які момант ім трэба зрабіць на сцэне. А вось пасля выступлення “зоркі” заўважаюць, што адбываецца вакол іх. Тады пачынаюцца размовы, жарты, фотасесіі. Цікавых памятных  здымкаў у нас накапілася шмат.

Самае дарагое, сапраўднае і чыстае — роднае

Міханавіцкія артысты таксама спявалі з гуртамі “Чыж і Ко”, “Калінаў мост”. Але “Калыханка” нідзе і ніколі не губляла сваёй адметнасці.

— Мы увесь час займаемся фальклорам, — тлумачыць кіраўнік ансамбля. — Дзеці любяць яго, успрымаюць як сапраўдную, але забытую казку. Узяць хаця б нашы народныя песні. Там няма нічога надуманага, фальшывага, напісанага дзеля моды ці папулярнасці. У іх усё сапраўднае, перажытае — ад таго каштоўнае і да болю знаёмае кожнаму.

Адна з першых удзельніц “Калыханкі” Аксана Тарасава  ўзгадвае, як разам з ансамблем ездзіла ў Польшчу, Германію, Украіну. Спачатку яна з цікавасцю і нават некаторым захапленнем глядзела на яркія, экстравагантныя касцюмы іншых артыстаў. Аднак модныя ўборы хутка надакучылі і перасталі здзіўляць. Прыйшло разуменне непаўторнасці і прыгажосці народных убранняў, у якіх выступала “Калыханка”. 

Зараз Аксана працуе бухгалтарам, выхоўвае сына і дачку. Здавалася б, усё, чым яна займаецца, ніяк не звязана з фальклорам. Аднак яна вельмі ўдзячна “Калыханцы” за тое, што  навучыла яе важным рэчам. 

— Я зразумела: у нашым жыцці ёсць тое, што не мяняецца стагоддзямі, — распавядае Аксана. —  Сёння з радасцю спяваю калыханкі сваім дзеткам. І яны ўжо ведаюць адну народную песню. Да таго ж, ансамбль даў мне магчымасць развівацца, паглядзець свет. І раней, і сёння я адкрываю для сябе, як жывуць людзі ў іншых краінах, які іх штодзённы побыт. Звычайная паездка па пуцёўцы такога ўяўлення не дасць. Нядаўна мы пабывалі ў Германіі. Пару гадоў таму больш за тыдзень я жыла ў пенсіянеркі ў прыгарадзе Парыжа. “Калыханка” ўдзельнічала тады ў канцэрце-дэгустацыі. Першы раз у жыцці ў Францыі нам давялося пячы піражкі. Выступалі таксама ў Рускай царкве ў Парыжы. Запомнілася паездка ў Сербію. 

У кожнай краіне ёсць на што падзівіцца. Але пасля паездак з асаблівымі пачуццямі і сумам вяртаешся на любімую радзіму. Дарэчы, заўважылі, што ўсюды цэняць сваю культуру і ганарацца ёю. На дыскатэцы ў Сербіі гучыць не толькі модная замежная музыка, але і свая, народная. І моладзь танчыць з вялікім задавальненнем. 

“Калыханка” для маленькіх і дарослых адкрывае багацце, прыгажосць і непаўторнасць беларускай народнай творчасці і культуры. Не варта думаць, што сваё — гэта нешта горшае, не такое прывабнае і важнае. Сваім трэба ганарыцца, роднае трэба любіць і не забываць! 

Таццяна ШЫМКО.

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter