Официально

Регион

Ваенныя таямніцы маёнтка Хмараў

(Заканчэнне. Пачатак у №19 за 2017 г.) 

Сёння мы завяршаем гутарку з беларускім гісторыкам і даследчыкам прысталічнага краю, старэйшым навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Паўлам КАРАЛЁВЫМ, распачатую ў 19-м нумары “Прысталічча”. 

— Павел Анатольевіч, наколькі я разумею, ваенны лёс выхаванцаў Сёмкаўскага дома-інтэрната — своеасаблівы подзвіг, бо пакінутыя ў акупацыі дзеці напрацягу некалькіх гадоў ваенных дзеянняў трымаліся за жыццё, як маглі, і самае галоўнае — яны выжылі.   

— Па ўспамінах Ніны Кабанавай, якая доўгі час жыла ў Сёмкаве, немцы расстралялі прыкладна дзесяць хлапчукоў з мясцовага прытулку. Па яе сведчаннях гэта былі старэйшыя дзеці, якіх, пэўна, хацелі забраць у Германію. Аднак адзін з хлапчукоў сказаў, што там усе стануць рабамі, таму трэба не чакаць, а ўцякаць. Дзеці кінуліся ў розныя бакі, тады раздаліся чэргі з аўтаматаў. Забітых дзяцей пагрузілі ў кузаў аўтамашыны і некуды павезлі ( на жаль, месца іх пахавання непасрэдна ў весцы ніхто не змог паказаць). 

Па словах Кабанавай гэты выпадак адбыўся прыкладна праз два месяцы пасля смерці вартаўніка Смыка. Маё асабістае меркаванне: сапраўдная трагедыя Сёмкава не толькі ў тым, што нацысты спрабавалі гвалтоўна браць кроў у дзяцей з інтэрната. Захаваліся нават малюнкі, на якіх дзяцей пад прымусам гоняць на так званыя “прывіўкі”. Яшчэ адзін бок трагедыі ў тым, што, калі многіх арыштавалі, дзеці засталіся тут сам-насам з лёсам (калі не лічыць некалькіх выхавацеляў). Яны хадзілі па ваколіцы і шукалі хоць нейкія рэшткі ежы — замерзлую ў полі бульбу ці буракі.  Вера Адамовіч успамінала, што аднойчы Мая Гусева, адна з выхаванак, падымала гарачы кацёл з ежай і выпадкова перакуліла яго на сябе — абварылася ўсё цела. Яе не змаглі выратаваць. Такая якасць, як мужнасць, была характэрна і для старэйшых дзяцей — яны бралі на сябе абавязкі дарослых і апекавалі малодшых. Што цікава, выхаванцы сёмкаўскага інтэрната разам з выхавальнікамі хавалі ў сябе нават дзяўчынку з яўрэйскай сям’і Эльвіру Шабуневіч. Калі прыходзілі немцы, яе закрывалі ў канапе — можна толькі меркаваць, які лёс мог бы іх напаткаць пры ўмове выкрыцця гэтай дзяўчынкі. Амаль на ўвесь дзень дзеці зыходзілі ў вёскі і прасілі ў мясцовых жыхароў хоць што-небудзь паесці, каб не памерці з голаду. Да гэтага часу невядома прозвішча жанчыны, якая нярэдка па сваёй асабістай ініцыятыве прыходзіла ў дом-інтэрнат і дапамагала дзецям гатаваць ежу. 

— Чым жа можна было растлумачыць рызыкоўны партызанскі план выратаваць дзяцей і адвезці іх у бяспечнае месца, тым больш, што заставаліся лічаныя месяцы да вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх акупантаў?

— Існуюць розныя версіі, адна з якіх наступная: у партызан з’явілася інфармацыя, што германскія нацысты могуць дправіць дзяцей у лагер смерці “Трасцянец” альбо ў Германію. Такая сітуацыя няпэўнасці, калі нават разважаць лагічна, магла закончыцца даволі трагічна для ўсіх выхаванцаў — немцы проста-напраста маглі б сарваць, як кажуць, на гэтых дзецях сваю злосць ад ваенных няўдач. Таму і выспеў план уратаваць выхаванцаў Сёмкаўскага дома-інтэрната; камандзір брыгады Лунін і камісар Фёдараў распрацавалі такую рызыкоўную, але жыццёва неабходную аперацыю. У чым быў яе сэнс? Ноччу на падводах прыехаць і адвезці дзяцей у бяспечнае месца, але гэта было вельмі няпроста — амаль паўсюдна стаялі нямецкія гарнізоны (Мінскі, Масюкоўскі, Ратамскі, Змееўскі, Заслаўскі). Усе добра разумелі: калі шляхі партызанскага абозу перасякуцца з нямецкімі патрулямі, то без бою і ахвяр наўрад ці абыдзецца. Падлічылі: каб рассадзіць усіх дзяцей, трэба было мець не менш за 60 запрэжаных коньмі саней. Кожны патызанскі атрад выдзяляў па 10—15 санных падвод. Што важна, пра гэтую аперацыю ведала толькі кіраўніцтва, каб пазбегнуць любога кшталту прасочвання інфармацыі да ворага. Кіраваў аперацыяй камандзір партызанскага атрада імя Жукава Іван Бацян. І вось у ноч з 13-га на 14 лютага 1944 года партызаны прыехалі да дома-інтэрната і развезлі дзяцей па розных весках і хутарах, што размяшчаліся ў  партызанскай зоне. Самым складаным было перасекчы трасу, якая вяла ад Заслаўя да Астрашыцкага Гарадка, бо яна знаходзілася пад пільным наглядам немцаў. І вось конны караван з дзецьмі расцягнуўся амаль што на кіламетр, але відаць ёсць Бог на свеце, за гэты прамежак часу ніводзін немец ці паліцэйскі не прыкмеціў нічога падазронага. Дзяцей прывезлі ў партызанскія мясціны, дакладней — на тэрыторыю Лагойскага раёна, і пачалі раздаваць жыхарам навакольных вёсак, куды акупанты мусілі не савацца. Дзеці і далей засталіся жыць у сваіх новых сем’ях. Партызаны ўратавалі 274 дзіцяці. Дваіх у той момант не было на сядзібе, яны пайшлі ў вёску, дзе і заначавалі. Вярнуўшыся раніцай, убачылі, што былы панскі маёнтак спалены. Аказалася, што гэта зрабілі партызаны падчас ад'езду ад палаца.  Трэба заўважыць, гэта не адзіны выпадак, калі пацярпелі гістарычныя каштоўнасці, як, напрыклад, палац Хмараў у Сёмкаве. Таксама партызанамі быў падпалены панскі маёнтак у пасёлку Дукора, тое ж самае адбылося і са знакамітым Косаўскім замкам.  

Захаваліся цікавыя факты: дзяўчынка Ангеліна Скобелева, напрыклад, падчас выратавальнай аперацыі згубіла свайго брата Барыса. Безумоўна, крыху пазней яны знайшліся адзін аднаго. З гэтай нагоды Барыс Скобелеў падрыхтаваў малюнак “І пяты не перашкода”, маючы на ўвазе тое, што ён, як прыёмнае дзіця ў чужой сям’і, не стаў нейкай перашкодай для тых людзей, якія ўжо да яго прытулілі  чацвёра дзяцей з сёмкаўскага інтэрната.  

Пасля вайны дом-інтэрнат быў адноўлены і працаваў яшчэ не адно дзесяцігоддзе. У новым выглядзе з двухпавярховага ён пераўтварыўся ў аднапавярховы, без мансарднага паверху і калонаў.  Былая выхаванка Ангеліна Скобелева — адна з тых, хто застаўся ў Сёмкаве, — толькі праз год здолела знайсці сваіх малодшых сястру і брата. Дарэчы, самая малодшая з сясцёр Скобелевых зараз пражывае ў Мінску.

— Як жа склаўся пасляваенны лёс Сёмкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-сірат?

— З 1974 года тут ладзіліся пастаянныя сустрэчы выхаванцаў Сёмкаўскага дома-інтэрната — яны прыязджалі на сваю малую радзіму амаль што з усіх куткоў былога Савецкага Саюза. На пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя былі пабудаваны новыя карпусы дзіцячага дома і выхаванцы назаўсёды пакінулі сцены гістарычнага будынка магнатаў Хмараў. У 2002 годзе дом супыніў сваю дзейнасць, як мяркуецца, з-за таго, што дзесьці на Міншчыне быў пабудаваны новы інтэрнат. Маё ўласнае меркаванне: зачыніць капітальны будынак дома-інтэрната ў Сёмкаве было паспешлівым рашэннем, бо ён у немалой ступені вызначаў сацыяльна-эканамічны статус прысталічнай вёскі. Што сталася з новым будынкам прытулку у Сёмкаве? Мясцовыя жыхары яго проста разрабавалі — хто дах, хто дошкі з падлогі, у прыватнасці, такі  ж самы лёс напаткаў і пакінуты панскі маёнтак. У мяне ёсць фота з газеты 2002 года, дзе над панскім домам яшчэ маецца дах, але зараз, прабачце за такое параўнанне, ён хутчэй нагадвае Брэсцкую крэпасць. Была неблагая задумка ставарыць там Цэнтр сям’і для адраджэння і захавання праваслаўных традыцый. Зараджаўся нават будучы музей, не выключана, што і самой вёскі, і роду магнатаў Хмараў. Напрыклад, знойдзеныя старыя манеты, звязаныя з гісторыяй гэтых мясцін, былі проста раскрадзены, але ўдалося ўратаваць альбом з адлюстраваннем пасляваеннага жыцця выхаванцаў Сёмкаўскага дома-інтэрната, некаторыя археалагічныя знаходкі. Падчас стварэння Цэнтра сям’і быў праведзены частковы рамонт будынкаў, сюды прыязджалі валанцёры з розных краін, у тым ліку і з Заходняй Еўропы. Але ў хуткім часе дадзены праект быў паспяхова пахаваны, што стала проста неверагодным, калі не сказаць болей — сапраўдным недарэчным фіналам. 

Цяпер застаецца толькі спадзявацца, што гэтая таямнічая старонка біяграфіі вёскі Сёмкава Мінскага раёна, звязаная ў тым ліку і з гісторыяй дома-інтэрната, дачакаецца лепшых часоў.  

 З гісторыкам гутарыў Юрый Бяствіцкі

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter