Официально

Регион

Як бы зноў не прычакацца белай вароны

Што прыцягвала сюды апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, нашых славутых пісьменнікаў – Янку Купалу, Якуба Коласа? Які подзвіг партызанаў помняць сцены палаца Хмараў? Карэспандэнт газеты «Прысталічча» завітала ў яшчэ адно радавое гняздо беларускай арыстакратыі і даведалася пра ўзлёты і падзенні беларускай Сафіёўкі і яе ўладальнікаў. Пункт чацвёрты «Мінскага кола»: Сёмкава.
 
Адну з цікавейшых архітэктурных жамчужын Міншчыны з праезнай дарогі не ўбачыш. Яна знаходзіцца ў лагчыне на паўночным захадзе ад вёскі. Шчыльнай сцяной старога пейзажнага парка яна «абаронена» з аднаго боку, з другога – губляецца за яшчэ пазнавальнымі барочнымі алеямі XVIII стагоддзя з эфектам зрокавага падману. Быццам уладальнікі знарок клапаціліся cхаваць чырвоныя муры свайго палаца ад ліхіх вачэй, разбурэння і няшчасцяў. Від на рэзідэнцыю апошняга мінскага ваяводы Адама Хмары адкрываецца пасля дзесяціхвіліннай пешай прагулкі між векавых ліп парка. Час не злітаваўся над маёнткам Хмараў – яго былая слава сёння пахавана пад руінамі. 
 
Сядзіба ў Сёмкава мае багацейшую гісторыю, таму можа стаць адным з цэнтральных аб’ектаў турыстычнага маршрута «Мінскае кола», лічыць гісторык, краязнавец і распрацоўшчык унікальнай экскурсіі Павел Каралёў. Ён некалькі год працаваў над аднаўленнем гэтага палацава-паркавага ансамбля, таму вельмі захоплены ідэяй вяртання яго былой велічы і прыцягнення сюды турыстаў. 
 
Каралеўскія стандарты
 
Вядома, што гэта селішча пры галоўным тракце з Мінска на Вільню заснаваў Сенька Гедыголдавіч, віленскі кашталян, прыхільнік Вітаўта. Ад імя прыдворнага  і бярэ назву месца. Пазней Сёмкава перадавалася з рук у рукі, а ў другой палове XVIII стагоддзя Сапегі за добрую службу аддалі яго ў дар Адаму Хмары, які зрабіў бліскучую кар’еру – ад лоўчага да ваяводы. Менавіта Адам Міхаіл Станіслаў Хмара стварыў тут у 1775–1780-х гадах шыкоўную рэзідэнцыю ў стылі барока і класіцызму. Для пабудовы палацава-паркавага ансамбля запрасілі італьянскага архітэктара Карла Спампані. Палац уключаў Бальную і Каралеўскую залы, сталовую, бібліятэку, капліцу. Прадметы інтэр’ераў былі адметныя сваім багаццем, прыгажосцю і майстэрствам выканання. Роспіс на столі, каміны з чорнага мармуру… Хмара чакаў прыезду апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага – адсюль і ўзнікла патрэба ў абсталяванні часткі пакояў па каралеўскім стандартам. Але ці быў у Сёмкава Панятоўскі, дакладна невядома.
 
Беларуская Сафіёўка
 
На тэрыторыі панскага двара змяшчаліся два сіметрычныя флігелі (захаваліся), аранжарэя, уязная брама, дзве паўкруглыя тэрасы (на адной з іх – фантан) і французскі парк. Архітэктурны шэдэўр рукі італьянца, першы такі ў гэтай мясцовасці, параўноўвалі з палацам Патоцкіх ва Украіне, называючы яго беларускай Сафіёўкай.
 
Калі Хмары не стала ў 1805 годзе, сядзіба хутка перайшла да другіх гаспадароў. На заробкі на вінакурню ў Сёмкава ў 1905 годзе прыходзіў малады Янка Купала. Падчас рэвалюцыйных падзей архітэктурны комплекс стаяў недагледжаны, патанаў у брудзе. Пазней у палацы і ваколіцах дзейнічала доследна-вопытная ферма Інстытута сельскай гаспадаркі. На ёй працаваў бухгалтарам у 1922 годзе Якуб Колас і адпачываў у Сёмкава з сям’ёй. 
 
Палац у Сёмкава, за непахіснымі сценамі якога калісьці кіпела шляхецкае жыццё, валодае неверагодным магнетызмам. Нездарма Колас затрымаўся тут не на месяц, як планаваў, а на паўгода.
 
З мэтай што-небудзь сцягнуць
 
У канцы 1920-х у сядзібе размясцілі спачатку калонію для беспрытульнікаў, пасля дзіцячы дом. Сіроты засталіся ў Сёмкава ў Вялікую Айчынную вайну, іх не паспелі эвакуіраваць. Каля трохсот дзяцей, з дзясятак дарослых, большасць з якіх арыштуюць гітлераўцы, – і ніякай знешняй падтрымкі. У лютым 1944 года байцам партызанскай брыгады «Штурмавая» ўдалося вывезці з дзіцячага дома 274 хлопчыкі і дзяўчынкі і такім чынам выратаваць іх. Палац спалілі народныя мсціўцы, каб не пакідаць ворагу. Будынак адновяць у мірны час, але ён стане ніжэйшым за арыгінал...
 
Ля ўвахода ў панскі двор устаноўлены два помнікі. Пра першапачатковае прызначэнне мемарыяльнай пліты справа пакуль дакладна нічога невядома. Яе знайшлі ў зямлі недалёка ад палаца год сем таму. На шэрым каменным прамавугольніку выгравіравана на лаціне пасланне Адама Хмары і яго брата Іахіма. Каму? Навошта? Тэма заслугоўвае асобнага артыкула.
 
Сёння архітэктурны ансамбль у заняпадзе. І літаральна раскрышваецца непасрэдна палац. Прычым вельмі хутка. Цяжка бачыць, як ён «памірае». У пачатку 2010-х гадоў была надзея на яго рэканструкцыю. Пра гісторыка-культурны помнік, са слоў Паўла Каралёва, клапацілася грамадскае аб’яднанне «Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай адукацыі»: ішла кансервацыя, быў падрыхтаваты эскізны праект па аднаўленню сядзібы, ужо вялася работа і над будаўнічым праектам. Аднак, калі пасаду кіраўніка гэтага аб’яднання пакінуў Уладзімір Грозаў, працэс спыніўся.
 
«Мясцовым насельніцтвам учыняліся пастаянныя рабаўніцтвы, была моцна пашкоджана назапашаная матэрыяльна-тэхнічная база: музей, сталовая, дзе харчаваліся валанцёры, кухня. За месцам замацаваны ахоўнік, ды туды, на жаль, дастаткова лёгка патрапіць: тэрыторыя належным чынам не агароджана. Сюды ўсё яшчэ робяць вылазкі з мэтай што-небудзь сцягнуць», – кажа Павел Каралёў. 
Да пачатку 2000-х гадоў над палацам быў дах, хоць і з дзіркамі. Але за апошнія 10–12 год рэзідэнцыя Хмараў прыйшла ў стан такога запусцення, што сёння нагадвае руіны. І гэта за 10 кіламетраў ад Мінска! 
 
А як шмат тут можна зрабіць…
 
Грамадскае аб’яднанне пасля рэканструкцыі планавала стварыць тут Міжнародны цэнтр сям’і. 
 
«Там можа быць і музей з цікавай гісторыяй, легендамі і паданнямі або сацыяльны цэнтр па дапамозе людзям з залежнасцямі. Варыянтаў выкарыстання палаца многа. Побач прыгожыя паркі для адпачынку. Але перш за ўсё ў месца павінны з’явіцца дбайныя гаспадары», – лічыць Павел Каралёў. 
 
З глыбінь часу дайшла легенда, што нібыта перад няшчасцем над палацам Хмараў лётала незвычайная птушка – белая варона. Здавалася, яна папярэджвала аб чымсьці нешчаслівым гаспадароў. Апошні раз птушку бачылі, як сцвярджае легенда, у 1880-х
гадах, калі спыніўся род Хмараў. Муры палаца будуць рассыпацца і далей. А гэта – няшчасце: мы страцім палац назаўсёды. Як бы зноў не прычакацца белай вароны…
 
Святлана ВАШЧЫЛА

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter