Прысталiчча

Газета Минского района

Унікальная рэчаіснасць Уладзіміра Цвіркі



 Вы ведаеце, дзе знаходзіцца самы буйны беларускі палац? Пра беларускія піраміды чулі? А пра вечную дарогу, якая праходзіць праз Беларусь?.. Не? Дык давайце даведаемся разам. Сёння мы завітаем у вёску Хадакова, на лецішча да мастака і вялікага аматара беларускай гісторыі і культуры Уладзіміра Цвіркі.

Агляд пачынаем з гаража. Тут рэчы, якія Уладзімір прывозіць адусюль. На блакітнай сцяне -- мноства інструментаў. Адразу ўзнікае асацыяцыя з аперацыйнай. Так, менавіта гэтыя рукі і гэтыя прыстасаванні рэаніміравалі стары вятрак, які, дарэчы, падтрымліваецца ў працоўным стане. Тут чакаюць сваёй чаргі “безнадзейны” гармонік, старая калыска, калаўрот.

“Усё, што да мяне пападае, тут і застаецца”, -- кажа Уладзімір. І пацвярджэнне яго словам я знаходжу ў двары і ў самім будынку лецішча. Усе старыя рэчы з густам упісаны ў інтэр’ер. Кола ад воза, рама ад старога вітража апынуліся на столі і ператварыліся ў свяцільні. Гліняныя збаны, размешчаныя на паліцах, сталі часткай перагародкі. Побач -- люлька, у якой гушкае свае цацкі ўнучка”. 

-- А што за рэцэпт у рамачцы на кухні? – пытаюся.

-- Гэта рэцэпт хлеба, які пякла мая мама…

А побач драўляныя лыжкі, лапаты. Гляджу на гэта ўсё і нібы пераношуся ў дзяцінства і бачу бабулю, якая завіхаецца каля печы. Здаецца, нават адчуваю пах хлеба… І тут з сапраўднай хлебнай лапатай з’яўляецца Уладзімір і кажа:

“Гэта лапата ўратавала адну жанчыну і яе чатырох дзяцей падчас вайны... Гаспадыня толькі бліны на стол паставіла, як у хату немец увайшоў. Малады, ледзь вусікі прарэзаліся, але з аўтаматам у руках. Яна як трымала лапату, так інстынктыўна і засланіла ёю і дзяцей, і сябе. А ён глянуў на іх, падышоў да стала, адламаў кавалак бліна, зрабіў аўтаматную чаргу па столі і выйшаў, не крануўшы ні кабету, ні дзяцей”...

Разглядаю дзяржанне лапаты і бачу шматлікія барозны.

-- Старую лапату засоўвалі паміж бэлек, -- тлумачыць Уладзімір, -- а на яе падвешвалі калыску. Таму лапата не толькі хлеб з печы даставала, але і дзяцей няньчыла. 

Гэтыя рэчы можна разглядаць вечна. Але ўсе яны, з любоўю і густам размешчаныя па хаце, -- толькі невялічкая грань разнастайнай дзейнасці па захаванні і папулярызацыі нашай даўніны. Уладзімір Цвірка распрацаваў 200 унікальных турыстычных маршрутаў па Беларусі, і ў кожнага з іх свая адметнасць. Усе маршруты, размеркаваныя па 6 абласцях, разам з падрабязнай картай і маляўнічымі фотаздымкамі ён размясціў на ўласным сайце valatsuga.by.

“Дарэчы, слова “валацуга”, якое ў сучаснай мове мае хутчэй адмоўны сэнс, раней ужывалася для абазначэння вандроўніка і шукальніка скарбаў”, -- тлумачыць аўтар праекта.

Вось і сам ён збірае скарбы мінулага для будучыні.Каб мы пазналі сваю Беларусь.

Разам са студэнтамі факультэта архітэктуры і дызайна БНТУ і іншымі неабыякавымі людзьмі ён ездзіць на месцы і працуе на старажытных руінах: расчышчае, робіць падыходы да іх больш зручнымі, фатаграфуе.

Пра беларускія архітэктурныя дыяменты з маім суразмоўцам можна гаварыць вечна, кожны раз здзіўляючыся новым дэталям.

Апроч 200 агульных маршрутаў, сканцэнтраваных у геаграфічна блізкіх месцах, ён распрацаваў 50 больш вузкіх -- тэматычных, прысвечаных асаблівым архітэктурным і прыродным з’явам ці гістарычным асобам. Напрыклад, беларускім пірамідам. Так-так, я не памылілася. Гаворка ідзе пра капліцы-пахавальні, у якіх шляхецкія роды хавалі сваіх памерлых.

“Самая вялікая з іх -- памерам з двухпавярховы будынак -- знаходзіцца на гарадскіх могілках Узды, -- расказвае Уладзімір. -- Гэта пахавальня Завішаў. Другая – капліца Свентаржыцкіх – размешчана ў вёсцы Малінаўшчына Маладзечанскага раёна”.

Такіх капліц-пірамід на Беларусі Уладзімір Цвірка налічыў 8. Самым старым з іх – каля 350 гадоў.

“На нашых землях яны распаўсюдзіліся, дзякуючы Мікалаю Радзівілу Сіротцы, -- удакладняе мой суразмоўца. – У час вандравання па Егіпце яго вельмі зацікавілі піраміды і муміі. І склеп нясвіжскага касцёла – гэта таксама вынік яго вандраванняў і доследаў”.

Сярод вялікай і разнастайнай беларускай архітэктурнай спадчыны Уладзімір Цвірка выдзяляе “самыя-самыя і адзіныя”.

Напрыклад, у вёсцы Пачапава Баранавіцкага раёна знаходзіцца адзіная ў Беларусі трохкутная царква.

А ведаеце, які ў нас самы старажытны каталіцкі храм? Гэта Траецкі касцёл у в. Ішкальдзь Баранавіцкага раёна. Дарэчы, ён не перабудоўваўся з 1472 года.

А дзе знаходзіцца самы буйны беларускі палац? У вёсцы Жылічы на Магілёўшчыне, а належаў ён Булгакам.

“Самая-самая” багатая на архітэктурныя скарбы вёска Беларусі знаходзіцца ў Аршанскім раёне. Яе назва – Смаляны. Тут больш за 10 выбітных помнікаў старажытнасці, кожны з якіх – дыямент. Пагугліце – і будзеце прыемна здзіўлены.

А ведаеце, што яшчэ з нашай спадчыны вельмі ўражвае замежнікаў? Старая брукаванка, якой і дагэтуль карыстаюцца людзі. Гэта і ёсць тая вечная дарога… Самая старая брукаванка, якой людзі карыстаюцца з сярэдзіны XVI cтагоддзя да нашага часу, знаходзіцца побач з вёскай Новы Свержань.

Сайт valatsuga.by сёння запоўнены яшчэ прыкладна на чатыры пятых. З 2009 года яго аўтар аб’ездзіў і сфатаграфаваў усе нашы цудоўныя скарбы, але ж папулярызуе ён іх не толькі праз сайт. Уладзімір Цвірка вядзе тэматычныя рубрыкі ў шматлікіх вядомых выданнях, выступае на ТБ і радыё, а яшчэ на ўласныя сродкі арганізуе выставы. Адна з іх – “Сілуэты спадчыны” --  праходзіць гэтымі днямі ў Коласаўскай бібліятэцы №7 па вул. Пляханава ў Мінску. Завітайце -- не пашкадуеце.

“Я заўсёды кажу, што наша архітэктурная спадчына -- гэта нават не залатыя яйкі. Гэта яйкі Фабержэ”, -- падкрэслівае аўтар праекта.

Уявіце сабе, што напаўненне 200 маршрутаў, зручных для ўдумлівага вандроўніка, -- усяго толькі 3 адсоткі ад былой архітэктурнай велічы Беларусі! Глядзіш на гэту прыгажосць -- і адчуваеш адначасова і гордасць, і роспач…

Уладзімір Цвірка ўпэўнены, што патэнцыял Беларусі як турыстычнай краіны даволі вялікі. Але трэба прыкласці намаганні і зрабіць гістарычныя аб’екты больш даступнымі, не саромецца браць грошы за іх наведванне, а яшчэ… не імкнуцца рэстаўраваць.

Ён любіць гаварыць: “Трэба кансерваваць усё запар, берагчы кожны камень. Сваіх руін саромецца не трэба”. І сапраўды, лепш усведамляць, ганарыцца і захоўваць для будучых пакаленняў, пакідаючы ім у спадчыну сапраўдныя скарбы.

У наступных выпусках нашай газеты чытайце аўтарскія матэрыялы У. Цвiркi і адкрывайце спадчыну разам з намі.

 Ганна Галкоўская

Оставить комментарий: