Жатва-2018

 

Официально

Регион

Таму без працы не сядзіцца, хто любіць клапаціцца

Вясновая талака ідзе шпарчэй. Гэтаму спрыяе і надвор’е, і жаданне зрабіць кожны куточак прысталічча яшчэ больш прывабным. Паступова становяцца чыстымі вуліцы, аздабляюцца падвор’і, абнаўляюцца прыпынкі і прыдарожныя тэрыторыі, з’яўляюцца новыя клумбы і жывыя кампазіцыі з кветак. Населеныя пункты Мінскага раёна дзень за днём набываюць упарадкаваны знешні выгляд.
Наперадзе раённы суботнік. Нагадаем, што ён адбудзецца 14 красавіка.

Працэс вучэбны і лячэбны, альбо Пачынаць трэба з сябе 

Прыемна сваімі рукамі прывесці ў парадак тэрыторыю, а яшчэ прыемней працаваць на свежым паветры сярод прыгожых краявідаў. У гэтым лёгка пераканацца, трапіўшы ў населеныя пункты  Шаршунскага сельскага Савета. Вясновая талака ў самым разгары: дарэчы, чыстыя месцы відаць здалёк, але і працы наперадзе яшчэ шмат.  

Настаўнікі разам з дзецьмі падмятаюць смецце, наводзяць парадак на клумбах з мнагалетнікамі, плануюць месцы для пасадкі кветак. Надвор’е ўсталявалася цёплае, таму можна смела працаваць на вуліцы.  

– Школьная тэрыторыя даволі вялікая, – адзначае дырэктар Рогаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа Галіна Рудзь. – За кожным класам замацаваны свой участак на школьным двары. Асаблівай увагі патрабуюць стадыён, дзіцячая пляцоўка, дзве вуліцы вёскі Новы Двор і воінскія захаванні (іх таксама два). Таму працы наперадзе шмат. І дзеці, і педагогі стараюцца, таму ўпэўнена, што разам мы справімся з усімі задачамі. 

Шасцікласнікі ДУА «ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа п. Шаршуны» навялі парадак у бярозавым гаі, што насупраць школы. Дырэктар Ала Шэнда падкрэсліла, гэта ўжо добрая традыцыя, якая працягваецца штогод восенню і вясной падчас суботніка. 

Не ўступаюць педагогам і медыкі. У Шаршунскай амбулаторыі праяўляюць павышаную адказнасць як да пацыентаў, так і да месца працы. На прылеглай тэрыторыі смецця, як кажуць, днем з агнём не адшукаеш. У прыярытэце – аздабленне клумбаў і кветнікаў. Хутка тэрыторыя зазелянее маладой траўкай і набудзе яшчэ больш прывабны і эстэтычны выгляд. 

Воінскім пахаванням – асаблівая ўвага. Ваеннаслужачыя 8-га дывізіёна 15-й зенітна-ракетнай брыгады разам з намеснікам камандзіра па ідэалагічнай рабоце капітанам Ягорам Ільчанкам прыбралі тэрыторыю каля помніка, дзе ў гады нямецкай акупацыі размяшчаўся штаб партызанскай брыгады «Штурмавая», а таксама манумента ў гонар сакратара Заслаўскага падполля Івана Дубовіка і партызан, загінуўшых у гады вайны. 

– У нашых сілах зрабіць населеныя пункты чыстымі і прывабнымі, – падкрэслівае старшыня Шаршунскага сельвыканкама Аляксандр

Дубоўскі. – Суботнік – добрая традыцыя, таму я ўпэўнены, што да канца красавіка кожная вуліца і кожны двор набудуць упарадкаваны выгляд. Работа ідзе па графіку, і патрабаванні самыя сур’ёзныя як да камунальнай службы, прадпрыемстваў, арганізацый, так і да кожнага жыхара. Пачынаць трэба з сябе!

Чыста і прыгожа там, дзе з беражлівасцю і павагаю ставяцца да зямлі

Калі бачыш вакол сябе парадак, яго хочацца падтрымліваць. З такім настроем шчыруюць на добраўпарадкаванні тэрыторый у Пятрышкаўскім сельсавеце. 

Пятрышкаўскі сельсавет хоць і не вылучаецца сваімі буйнымі памерамі, аднак падтрыманне санітарнага парадку на яго тэрыторыі нельга назваць лёгкай задачай з-за ажыўленага чыгуначнага руху, зношанасці дарог, значнай колькасці садовых таварыстваў. Таму, як толькі снег зыходзіць, прадстаўнікі абслугоўваючай арганізацыі (зараз КУП «Хацежына-Сэрвіс») прыкладваюць усе намаганні, каб ачысціць і абнавіць месцы агульнага карыстання.

Сельсавет у асноўным складаецца з вёсак, таму жыхары хутчэй адклікаюцца на просьбы па добраўпарадкаванні сваіх прысядзібных участкаў. Сяляне з малаком маці ўбіраюць звычку даглядаць тэрыторыю каля сваёй хаты, падтрымліваць парадак на вуліцы. Новы старшыня Пятрышкаўскага сельвыканкама Дзяніс Собаль, які раней працаваў намеснікам старшыні Заслаўскага гарвыканкама, адзначае, што жыхары аднакватэрных жылых дамоў аднамі з першых узялі ў рукі венікі і граблі.

Не апошнюю ролю ў навядзенні санітарнага парадку на зямлі адыгрываюць 48 арганізацый рознай формы ўласнасці, зарэгістраваных у Пятрышкаўскім сельсавеце. Асноўны аб’ём працы па добраўпарадкаванні сваёй і прылягаючых тэрыторый кладзецца на плечы найбуйнейшых прадпрыемстваў, такіх як Пуцявая машынная станцыя №71. Яе вытворчая база выцягнута на паўтара кіламетраў уздоўж чыгункі. Агульная плошча ўнітарнага прадпрыемства складае каля 60 гектараў. 

– Што дапамагае падтрымліваць належны парадак на тэрыторыі прадпрыемства і вакол яго? Чыста там, дзе з беражлівасцю і павагаю адносяцца да зямлі і не засмечваюць тэрыторыю. Работнікі нашага прадпрыемства прытрымліваюцца простага правіла: папрацавалі – прыбралі за сабой смецце, – кажа намеснік начальніка Пуцявой машыннай станцыі №71 па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Сяргей Глухоўскі. – Вясной, канечне, мэтанакіравана робім уборкі, прыводзім у парадак тыя ўчасткі, да якіх нельга было падступіцца зімой.

Не адстаюць і ўстановы адукацыі, прыбіраючы населеныя пункты сельсавета. Не трэба далёка хадзіць за прыкладам. На тэрыторыі Пятрышкаўскай СШ наведзены ідэальны парадак. Шчыруюць на суботніках як настаўнікі, так і дзеці, якія ўзялі шэфства над мясцовым абеліскам, дапамагаюць прыбіраць прысядзібныя ўчасткі ветэранам, вязням і дзецям Вялікай Айчыннай вайны.

Сістэматычная сумленная праца дае плён, але застаюцца і вострыя пытанні. На тэрыторыі сельсавета 52 садовыя таварыствы, кожнае з каторых мае дамоўленасці з абслугоўваючым прадпрыемствам на вываз смецця. Аднак да сёння хапае нядбайных гаспадароў, якія працягваюць выкідаць свае бытавыя і будаўнічыя адходы на ўскрай лесу ці поля. 

Існуе непаразуменне з ДП «ЭкаСпецТранс». Смецце з прыватнага сектара дадзеным прадпрыемствам зараз вывозіцца толькі адзін раз на тыдзень. Гэтага недастаткова, лічыць Дзяніс Собаль. За сем дзён у сям’і з дзяцьмі лёгка назбіраецца сем пакетаў са смеццем. Значыць, добрасумленныя жыхары індывідуальных домаўладанняў вымушаны скла-

дзіраваць адходы за тыднёвы тэрмін на ўласнай тэрыторыі, пакуль іх не забяруць. А сметніцы ў шматпавярховых дамах, паводле санітарных норм, павінны прыбірацца кожны дзень… 

Усё, што планавалі, – амаль зрабілі

Адным з першых належны санітарны парадак на замацаванай тэрыторыі падчас месячніка па добраўпарадкаванню навёў калектыў санаторыя «Крыніца».

– Галоўны ўрач гэтай установы Віктар Кароткі – наш дэпутат, – расказвае старшыня Ждановіцкага сельскага Савета дэпутатаў

Святлана Капусціна. – Ён і з іншымі ўстановамі медыцынскага профілю правёў на гэты конт растлумачальную работу. Усяго ж на тэрыторыі сельсавета 4 санаторыі, 8 санаторыяў-прафілакторыяў, адна амбулаторыя і адна ўчастковая бальніца.

Зрэшты, апора ў сельсавета не толькі на дэпутатаў, але і на кіраўнікоў арганізацый. А яшчэ лепш, калі ў адной асобе і дэпутат, і кіраўнік. Як, напрыклад, дэпутат Мінскага аблсавета, генеральны дырэктар Мінскага раённага ўнітарнага прадпрыемства «Агракамбінат «Ждановічы» Рыгор Чуйко. Ён паклапоціцца пра навядзенне парадку не толькі на сваёй, але і на чужой тэрыторыі, адгукнецца на просьбу сельсавета аб аказанні нейкай «пазаштатнай» падтрымкі.

Дапамогу сельсавету ў добраўпарадкаванні яго тэрыторыі аказалі таксама Мінская лесапаркавая гаспадарка, калектыў аздараўленчай базы прафсаюзаў, Мінскія электрычныя сеткі, Мінскае раённае спажывецкае таварыства ды іншыя арганізацыі. Праявіў актыўнасць індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Расчынскі. Не застаўся абыякавым да просьбаў сельсавета і начальнік аварыйна-выратавальнай часці Павел Пінчук, яго падначаленыя неаднойчы адпампоўвалі ваду з месцаў падтаплення.

Не прыйшлося агітаваць педагагічныя калектывы (усяго іх на тэрыторыі сельсавета 8). Добры прыклад падалі ўсім педагогі і вучні Ждановіцкай сярэдняй школы на чале з дырэктарам Вольгай Цырулік.

І ўсё ж рамак месячніка, як бы сур’ёзна да яго ні ставіліся на месцах, недастаткова. Сёй-той з мясцовых жыхароў іншым разам, акрамя грабляў ды рыдлёўкі, нічога ў сваёй гаспадарцы не мае. І тут на дапамогу грамадзянам прыходзіць створанае пры сельсавеце камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Ждановічы-сэрвіс».

– Сёлета клопатаў у нас як ніколі шмат, – расказвае яго дырэктар, ён жа дэпутат сельсавета, Дзмітрый Атрашонак. – З аднымі толькі могілкамі, а іх у нас 6, колькі турбот. Так, толькі на могілках у вёсцы Качына нам неабходна ліквідаваць 150 дрэў.

Нярэдка за светлавы дзень невялікаму калектыву даводзіцца выконваць па некалькі спраў. Тут неабходны і спрыт, і працавітасць, але ж гэтага хлопцам  не пазычаць.

Дзякуючы сумесным намаганням усіх, хто задзейнічаны ў правядзенні месячніка, на тэрыторыі сельсавета прыведзены ў парадак 7 вайсковых пахаванняў, добраўпарадкавана тэрыторыя жыллёвага фонду і водазабора, ачышчаны ад  смецця землі агульнага карыстання, прыведзена ў адпаведнасць з неабходнымі патрабаваннямі вулічна-дарожная сетка, выкананы іншыя работы. Па сутнасці, усё, што планавалася, ужо зроблена.

– Мабыць, нам пашанцавала, што адказным за наш сельсавет у правядзенні месячніка па добраўпарадкаванню ад Мінскага райвыканкама з’яўляецца намеснік старшыні Аляксандр Мякіннік, – прызнаецца Святлана Капусціна. – Аляксандр Пятровіч не толькі заўсёды ў курсе ўсіх нашых спраў, але і дапамагае вырашьць нават самыя невырашальныя пытанні, за што яму ад нас вялікі дзякуй. 

Каб было камфортна – так, як дома 

Актыўна прынялі старт суботніка дзеці.  Ідэальную чысціню на  тэрыторыі і ўнутры будынка навялі  вучні Сеніцкай сярэдняй школы. Памылі вокны, пафарбавалі дрэвы і бардзюры.

Дружна ўзяліся за справу і навучэнцы Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа. Прыгналі нават трактар, на прычэп якога адразу грузяць смецце і сухія галіны, апалае лісце. А, напрыклад, тэхніку, якая ўжо выпрацавала свой рэсурс, разбіраюць разам з дарослымі, каб здаць на металалом. Клапоцяцца пра парадак  і вучні прыватнай школы. Выціраюць пыл, паліваюць свой міні-агарод –  каб было камфортна, як дома, і галоўнае – чыста. А ў хуткім часе і дзяцей, і педагогаў,  і гасцей парадуюць маладзенькія вішні, з асаблівай цеплынёю высаджаныя на тэрыторыі. 

Вялікі аб’ём работ запланаваны сельвыканкамам  у месцах агульнага карыстання, зонах адпачынку, пад асаблівым кантролем тэрыторыя вакол азёр, дарог і прыпыначных пунктаў.
 
На тэрыторыі Сеніцкага сельскага  Савета 11 грамадзянскіх могілак і 6 воінскіх пахаванняў. Іх таксама неабходна прывесці ў парадак: высекчы кустоўе, прыбраць апалую лістоту. Добраўпарадкаваць пад’язныя шляхі да помнікаў і мемарыялаў.  
 
– На жаль, не ўсе грамадзяне праяўляюць свядомасць. Многія як смецілі, так і працягваюць. Паважаныя жыхары Сеніцкага сельскага Савета! Вучыцеся гаспадарскім адносінам да роднай зямлі. Той, хто дбае пра парадак ва ўласным доме, будзе клапаціцца аб ім і ў месцах агульнага карыстання, –  адзначае старшыня Сеніцкага сельскага Савета Наталля Жук. – Будзьце паважлівымі адно да аднаго, шануйце сваю зямлю! 
 
Матэрыялы падрыхтавалі Наталля МАЛЬЦАВА, 
Святлана ВАШЧЫЛА, Алег ШВЕДАЎ, Ксенія ЦІХАН 

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter