Выборы-2018

 

Официально

Регион

«Жывіца» – 15 крокаў па жыцці

 Як адзін дзень праляцела пятнаццаць гадоў з дня заснавання народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца». Здаецца, яшчэ ўчора яго ўдзельнікі рабілі першыя сумесныя крокі ў творчасці… А сёння, азіраючыся назад, яны сведчаць, што сучасная «Жывіца» – дружная «шматдзетная» сям’я, у якой кожны – непаўторны, самабытны талент. Менавіта з яе выйшла ў вялікі свет шмат прызнаных майстроў слова, вядомых кампазітараў і выканаўцаў, а са зборнікаў аўтараў творчага аб’яднання можна нават цэлую бібліятэку ствараць. 

Сваё 15-годдзе народны клуб адзначыў канцэртам «Пятнаццаць крокаў па жыцці», які прайшоў у Мачулішчанскім цэнтры культуры і адпачынку. На мерапрыемства прыйшло шмат мясцовых жыхароў. Яны з задавальненнем слухалі найлепшыя творы літаратараў і выканаўцаў, цёпла віталі пранікнёныя выступленні, не шкадавалі рук для апладысментаў. Бо тэмы, да якіх дакранаюцца аўтары, усім зразумелыя, блізкія да сэрцаў: любоў да роднай краіны, бясконцая ўдзячнасць адзінай на свеце матулі за жыццё. Гэта тэма стала лейтматывам свята, бо адбываўся канцэрт у Дзень маці, самага дарагога і роднага чалавека на зямлі. Менавіта ёй прысвяцілі свае творы Марына Шапавалава з гарадскога пасёлка Мачулішчы (Мінскі раён), Тамара Бярэзіна з Маладзечна, Мікалай Міхайлоўскі з Беразіно і іншыя. За жывое закранулі вершы і песні ў выкананні Марыі Лебядзько (г. Стоўбцы) і Дзмітрыя Краскоўскага (г.Івянец Валожынскага раёна), у якіх расказваецца пра сумны лёс пакінутай бацькоўскай хаты. У час іх выканання некаторыя жанчыны ўпотай змахвалі з вачэй слязінкі – так расчуліла іх балючая жыццёвая тэма. 

Народных аўтараў павіншавала са святам і ўзнагародзіла дыпломамі загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела ДУ «МАЦНТ» Вераніка Навахрост. Яна параўнала «Жывіцу» з сапраўднай творчай лабараторыяй і заўважыла, што гэты клуб стаў прытулкам для няўрымслівых душ, і яны змаглі знайсці сваё месца ў жыцці. Гэта кола аднадумцаў, тактоўных, добразычлівых настаўнікаў і сяброў па пяру.
 
З пажаданнямі новых цікавых вынаходак да членаў клуба «Жывіца» звярнуўся іх калега з Гомеля, паэт, бард, лаўрэат міжнародных конкурсаў, удзельнік народнага калектыву Рэспублікі Беларусь «Арт-кафэ на Ірынінскай» Сяргей Старыкаў, які падарыў сябрам аўтарскую песню.
 
Цікавыя музычныя падарункі гледачы атрымалі ад народнага інструментальнага ансамбля «Кансананс» УА «Мачулішчанская дзіцячая школа мастацтваў». Урывак Quasilatin з «Беларускага трыпціха», створанага жодзінскім кампазітарам Дзмітрыем Окуневым, таксама членам клуба «Жывіца», уразіў філігранным майстэрствам, а спевы народнага вакальнага ансамбля «Берагіня» са Стоўбцаў – сардэчнасцю. 
 
Шмат творчых, непаўторных віншаванняў, шчырых слоў падзякі і пажаданняў прагучала ў дзень нараджэння народнага клуба «Жывіца». Але каб не намаганні Ірыны Аляксандраўны Карнавухавай, якая стаяла ля вытокаў гэтай суполкі, вышуквала, збірала і песціла таленты на працягу 15 гадоў і стала для ўдзельнікаў клуба сімвалічным перавяслам, што яднае іх у сям’ю, хто ведае, ці адбыўся б гэты юбілей.

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter