Официально

Регион

Журналісты супраць блогераў?

Апошнім часам асабліва масава абмяркоўваецца думка, што хутка інтэрнэт-выданні выцесняць традыцыйныя друкаваныя СМІ, а прафесійных журналістаў заменяць звычайныя «медыйшчыкі», сярод якіх і так званыя блогеры. Здаецца, зусім нядаўна блогерства было амаль у навінку для інтэрнэт-прасторы, а сёння кожны другі лічыць сябе прадстаўніком гэтага віду дзейнасці і думае, што ён прафесійны журналіст. А чытач у сваю чаргу не разумее, ці ёсць розніца паміж блогерам і журналістам, ды і ўвогуле: ці патрэбна сёння прафесійная журналістыка?  
 
Сапраўды, абмяркоўваць інфармацыйную рэвалюцыю, дзякуючы якой блогеры, без сумнення, заменяць СМІ, стала настолькі модна, што некаторыя цвёрда выбіраюць такую пазіцыю і чакаюць выбухной рэакцыі. Адразу хочацца запэўніць: «сацыяльная» журналістыка ніколі не заменіць прафесійных прадстаўнікоў старажытнейшай прафесіі, а папяровыя газеты і часопісы наўрад ці выцесняцца электроннымі дублёрамі. Яны проста зоймуць сваю нішу. І вось чаму…
 
У блогераў і журналістаў зусім розныя ролі. Блогеры – гэта па сутнасці відавочцы, якія не валодаюць у большасці ўменнем складна пісаць, затое лёгка могуць трансліраваць падзеі сваім сябрам і знаёмым… Усім вядомая Алена Стогава называе сябе прафесійным блогерам і піша пра тое, што здарылася з ёю за дзень, якую сукенку яна купіла сёння і якія прыгоды чакаюць яе заўтра. У тым жа стылі свае відэадзённікі на платформе YouTube вядуць Дзіма Ярмузевіч і Юля Гадунова. А Ільдар Прыемны, напрыклад, «смакуе» замежныя фільмы, а таксама навіны расійскага шоу-бізнесу, растыражыраваныя вядучымі розных каналаў. Адным словам, увагу падпісчыкаў «тысячнікаў» прыцягваюць спрэчкі, сваркі і канфлікты. Посты, як правіла, атрымліваюцца нецікавымі, таму чытаюць і каменціруюць іх тыя, хто нейкім чынам імкнецца набыць уласную рэпутацыю. Прафесійны журналіст ніколі не дазволіць сабе, па-першае, дапускаць памылкі; па-другое, пастараецца данесці інфармацыю да чытача эфектна, сваім адметным спосабам, а па-трэцяе – кампетэнтна. Журналіст знаходзіцца ў пастаянным пошуку цікавай інфармацыі, таму і матэрыялы атрымліваюцца прыкладна такімі, як у блогера Дзяніса Блішча, вядомага фотакарэспандэнта і блогера Антона Матолькі ці, напрыклад, фатографа Ксеніі Авімавай.
Сёння блогі чытае вялікая колькасць людзей. Для чаго? Можа, каб атрымаць пэўную інфармацыю, параіцца, задаць пытанне, паставіць «лайк» альбо выказаць сваю думку. Як правіла, блогер вядзе дыялог ад сябе, а многім гэта якраз і цікава: убачыць аўтарскую індывідуальнасць. Хтосьці арыгінальна расказвае пра сваю прафесію, нехта радуе чытачоў цудоўнымі фотаздымкамі, а іншы так цікава распавядае пра сваё жыцё, што, здаецца, ведаеш гэтага чалавека не першы дзень. Многія, напрыклад, цікавяцца кантэнтам камп’ютарных гульняў, як Саня Мувер, у якога амаль мільён падпісчыкаў. А вось Алег Несцераў вядомы сваімі лайфхакамі ў вобласці кузаўных работ. Можна яшчэ прывесці мільён падобных прыкладаў, але самае галоўнае, што іх аб’ядноўвае – гэта сваё асабістае «я», а не інфармацыя, якую яны выкладваюць у сваім блогу. Асноўная мэта – звычайны піяр. Можна сказаць, што блог – свайго роду хобі, і ў большасці выпадкаў ён не мае нейкай канкрэтнай мэты, проста некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі цікавяцца тымі ж тэмамі, што і блогеры.  
 
СМІ – усё-такі грамадскі інстытут з пэўнай сацыяльнай функцыяй, задача якога – даць аб’ектыўную інфармацыю аб падзеях у раёне, вобласці, рэспубліцы і г. д. А ці многа блогераў падае нейкія навасныя тэмы альбо размяшчае глыбокія аналітычныя, крытычныя матэрыялы ў сваіх інтэрнэт-дзённіках? Наўрад ці… Больш за тое, яны не нясуць ніякай адказнасці перад сваім чытачом за даклад-
насць інфармацыі і не кіруюцца правіламі, зададзенымі законамі СМІ. Гарантыйны матэрыял можа даць толькі прафесійны журналіст, які працуе на сур’ёзных інтэрнэт-пляцоўках, такіх, як tut.by, вelta.by, mlyn.by і інш. Значыць,  можна смела сцвярджаць, што такога паняцця, як «блогерская журналістыка», не існуе, бо значная частка папулярных блогераў звязана са СМІ і поўнасцю адпавядае іх фармату.  Не кожны блогер валодае талентам журналіста, а вось журналіст пры вялікім жаданні можа весці свой асабісты блог.   
Блогеры ніколі не будуць на адной прыступцы з прафесійнымі прадстаўнікамі СМІ-прасторы. Гэта з’ява масавая. Як правіла, інтэрнэт імгненна «ўспыхвае» ад той ці іншай падзеі, тут жа ўскалыхвае сеткавую аўдыторыю. Але хваля абурэння хутка праходзіць і праз некалькі дзён гэтай тэмай ужо ніхто не цікавіцца. СМІ наадварот: доўга «разганяюцца», але пакідаюць след не на адзін дзень – на месяц, нават на год.
 
Мне спадабалася думка расійскага журналіста Глеба Чаркасава, які лічыць, што СМІ больш дакладна было б назваць ССМІ – сродкі сертыфікацыі масавай інфармацыі. Прафесійныя журналісты адсочваюць і «сертыфіцыруюць» інфармацыю, пададзеную блогерамі. Дарэчы, апошнія ў большасці падпісваюць свае матэрыялы «нікамі», а не сапраўднымі імёнамі. Значыць, прафесійныя медыя нясуць большую адказнасць, таму і  патрабавальнасць да іх у дадзеным выпадку прынцыпова вышэйшая…
 
Ксенія ЦІХАН
 
Наталля Мальцава, галоўны рэдактар газеты «Прысталічча»
 
– Наконт блогерства і інтэрнэт-журналістыкі дыскусіі ідуць ўжо не першы дзень,  і гэта мяне, безумоўна, таксама вельмі хвалюе.   
Я лічу, што блогер – гэта не журналіст, бо блогер – гэта не прафесія, па-першае. Па-другое (што хацелася б асабліва адзначыць), ён не нясе ніякай адказнасці за інфармацыю, яму не трэба правяраць ці ўдакладняць факты, ён можа схлусіць, іншымі словамі, сказаць, што захоча. Яго ніхто не кантралюе, у адрозненне ад журналіста.
 
Адчуваю, многія запярэчаць: а хіба няма такіх журналістаў, якія скажаюць факты? Канечне ж, ёсць. На жаль, гэта ўжо не журналісты, яны перасталі імі быць, і яны кампраметуюць прафесію. Блогер у такім выпадку кампраметуе толькі сябе. Вось і ўся розніца. 
Што датычыцца СМІ, то яны падпарадкоўваюцца тым законам, што дзейнічаюць у рэспубліцы. І гэта прынцыпова іншае становішча, чым у інтэрнэце. А папулярнасць тых ці іншых інтэрнэт-выданняў тлумачыцца якраз тым, што журналісты перастаюць быць прафесіяналамі, а СМІ страчваюць свой аўтарытэт. Чалавек пачынае шукаць хоць штосьці падобнае да праўды і, на жаль, выбірае не зусім правільны кантэнт. Таму асноўная задача сучасных медыя – дэманстраваць інтэлектуальную прафесійную журналістыку.
 
Антон Матолька, блогер
 
– Калісьці ўсе думалі, што з развіццём кіно тэатры проста знікнуць, а ў рэаліі ўсё наадварот: у той жа Купалаўскі квіткі трэба часам купляць ледзь не за месяц. І гэта цудоўна! Так і з друкаванымі СМІ. Сёння нельга думаць і працаваць так, як 10 ці 20 год таму. Трэба развіваць выданне і яго прысутнасць у іншых сферах. І гаворка тут не пра звычайную фразу: «Трэба быць у інтэрнэце». Трэба якасна падаваць інфармацыю ў розных сацыяльных сетках, у тым жа «Вайберы» ці «Тэлеграме» (а ў апошнім нават лепш), ствараць e-mail-рассылкі і г. д. Заставацца газетай і разлічваць толькі на дзяржпадтрымку – самая вялікая памылка, якую дапускаюць нашы сённяшнія дзяржаўныя друкаваныя СМІ, асабліва рэгіянальныя. 
 
З’ява блогерства таксама прадыктавана часам. Гэта не спосаб заробку, хутчэй  хобі. Я практычна не ведаю беларускіх блогераў, якія б змаглі якасна манетызаваць свой блог і зарабляць з яго на жыццё. А розніца паміж блогерам і прафесійным журналістам як мінімум у адказнасці. Але вельмі часта менавіта блогеры могуць дазволіць сабе звярнуць увагу на тую ці іншую праблему, сітуацыю, гісторыю, прыцягнуць увагу, каб потым ужо журналісты пачыналі яе «раскопваць» цалкам, карыстаючыся сваім становішчам (як і законам аб СМІ). Пытанне ў іншым: спажыўцу (чытачу) значна цікавей чытаць якраз блогераў, а не сухія нататкі журналістаў. А бывае і наадварот. Такім чынам, і блогеры, і журналісты павінны думаць і дзейнічаць у кірунку якаснай падачы інфармацыі для сваёй чытацкай аўдыторыі. 

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter