Официально

Регион

Вёскі, якія «паглынуў» Мінск

 Уласна кажучы, Мінск і вырас з вёсак і пасёлкаў, якія з ім суседнічалі. Толькі за апошнія паўтары сотні гадоў, па падліках гісторыкаў, горад увабраў у сябе каля двухсот населеных пунктаў.

Памятаю, яшчэ ў другой палове 80-х мінулага стагоддзя ў раёне цяперашняй «Малінаўкі» ў Мінску знаходзіліся не толькі сельскагаспадарчыя ўгоддзі калгаса імя Калініна Мінскага раёна, а нават і жывёлагадоўчыя фермы. Тады ж заставаліся «жывымі» і многія вёскі. 

Хаця Мінск даўно выйшаў за кальцавую дарогу (мікрараёны «Уручча», «Шабаны» і іншыя), у межах МКАД працягваецца сельскагаспадарчая вытворчасць. Толькі нядаўна поўнасцю знесена птушкафабрыка імя Крупскай. Але вялікія плошчы каля былых Навінак, як і раней, засявае рознымі сельгаспадарчымі культурамі 

ТАА «1-я Мінская птушкафабрыка». Не пуставаць жа ўрадлівай зямлі! 

Тыя ж Навінкі, якія раней атаясамліваліся з вядомай рэспубліканскай бальніцай, толькі ў пачатку двухтысячных адышлі пад горад. Цяпер гэта адзін з мікрараёнаў Цэнтральнага раёна сталіцы. Назва захавалася хіба толькі ў аўтобусным прыпынку і вуліцы Навінкаўскай (былая Рабочая). Амаль трыццаць гадоў таму пераехала сюды на пастаяннае месца жыхарства сям’я ўрача Наталлі Магілеўцавай. 

Наталля Магілеўцава: была сяльчанкай, стала гараджанкай

– Да прыезду ў Навінкі я пра іх толькі чула, – гаворыць Наталля Мікалаеўна, загадчык аднаго з аддзяленняў РНПЦ псіхічнага здароўя.

– Гісторыя пасёлка і бальніцы мяне вельмі ўразіла. Нам расказвалі, што на месцы бальніцы былі старыя драўляныя будынкі. Шмат хворых людзей фашысцкія акупанты вывезлі і расстралялі. Навінкі я застала ўжо больш добраўпарадкаванымі. Пасёлак быў газіфікаваны. І калі мы самі будавалі свой дом, то адразу падвялі газ і ваду. 

Але самым адметным для нас, мясцовых прыхаджан, стала будаўніцтва Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра і вялікай царквы пры ім. Там прымаюць абяздоленых людзей, у тым ліку і з нашай бальніцы, якім пасля лячэння няма куды падацца. Усе яны жывуць там і працуюць на падвор’і. Вырошчваюць гародніну, займаюцца пчалярствам. Манастыр і царква цяпер як галоўная прыкмета і сімвал Навінак. І хаця такога пасёлка даўно няма, ён застаецца ў нашай памяці і душы.

А зараз крыху гістарычных фактаў. Даволі поўна захаваліся звесткі пра Мінск на працягу апошніх паўтары сотні гадоў. Вялікім штуршком для развіцця горада стала чыгунка. У 1871 годзе праз Мінск прайшла Маскоўска-Брэсцкая, а ў 1873-м – Любава-Роменская чыгунка. У горадзе тады жыло каля сарака тысяч чалавек. На захадзе гарадскія землі заканчваліся там, дзе цяпер знаходзіцца вуліца Клары Цэткін, на поўначы – ў раёне гасцініцы «Беларусь», на ўсходзе – каля плошчы Перамогі, а на поўдні амаль даходзілі да чыгункі. У 1915 годзе насельніцтва Мінска перавысіла сто тысяч жыхароў, а менш чым праз 20 гадоў наблізілася да двухсот тысяч. Працягваецца ўзбуйненне вёсак, сярод якіх Малое Сціклева, Карзюкі, абедзве Лошыцы, Сухарава, Цна (Іодкава). З’яўляюцца новыя назвы: Чыжоўка, Дразды, Вілкоўшчына, Глінішчы, Людамонт, Труд, Тарасава. На той час унутры сучасных межаў горада налічвалася каля сотні населеных пунктаў.

Асабліва бурна працэс урбанізацыі праходзіў у другой палове ХХ стагоддзя. Яго дэталёва працягвае вывучаць гісторык, даследчык урбаністыкі і тапанімікі, атэставаны экскурсавод Іван САЦУКЕВІЧ. 

– Усё новыя і новыя землі адводзіліся пад прамысловае і жыллёвае будаўніцтва, – расказвае Іван Іванавіч. – Навакольныя вёскі, пасёлкі і хутары імкліва праглыналіся гарадской рысай. Некаторыя з іх захаваліся, іншыя назаўсёды зніклі. Так, 13 жніўня 1959 г. рашэннем №566 Мінгарвыканкама ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума ВС БССР ад 8 жніўня 1959 г. у склад Мінска ўвайшлі вёскі Альшова, Будзілава (русіфікаваная назва, раней – Будзілавічы), Вілкаўшчына, Вялікае Сціклева, Вялікая Слепня, Дражня, Зацішша, Лошыца 2-я (частка), Малая Сляпянка, Малое Мядзвежына, Маляўшчына, Сакалянка, Сталовая, Шчотаўка, Шэпічы, Юрэвічы, Яфімава (ранейшая назва – Яхімавічы); пасёлкі Акулёнія, Труд і Шэпічы.

Царква і манастыр – гонар і сімвал былых Навінак

– Пра лёс былых населеных пунктаў і трансфармацыю іх назваў, калі можна, больш падрабязна.

– У прыватнасці, вёска Альшова знаходзілася за 400 м на поўнач ад галоўнай брамы Кальварыі. Прыкладна на тым месцы зараз месціцца будынак Мінскага райвыканкама і рог вуліц Альшэўскага і Бірузова. Вясковыя пабудовы былі знесены ў канцы 60-х – пачатку 70-х гг., калі там пачалося будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў. Галоўная вуліца новага мікрараёна некалькі год насіла назву знесенай вёскі – Альшэўская, пакуль у 1972 г. не была перайменавана ў гонар Мікалая Альшэўскага, Героя Савецкага Саюза, удзельніка вызвалення Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Такое вось фанетычнае супадзенне. Як і тое, калі на месцы былой вуліцы Танкавай у прыватным сектары з’явілася сучасная вуліца Максіма Танка. Разам са знікненнем вёскі Будзілавічы, якая размяшчалася абапал Магілёўскай шашы, там, дзе зараз сустракаюцца Партызанскі праспект, вуліца Будзёнага і Ванеева, знікла і яе назва. 

Хоць такая назва, на маю думку, цудоўна б глядзелася на вулічных шыльдах замест вуліцы Будзёнага.

 – Працэс пераўтварэння некаторых населеных пунктаў у Мінску пачаўся яшчэ ў даваенны час і працягваўся пасля?

– Сапраўды, такіх прыкладаў нямала. Так, на ўсход ад Мінска, на берагах невялікай рэчачкі Слепні (па-іншаму Сляпянкі), размяшчалася вёска Вялікая Слепня. Новая Маскоўская шаша, пабудаваная ў 1935 годзе (зараз праспект Незалежнасці), падзяліла вёску на дзве няроўныя часткі: паўночная была ў некалькі разоў большай за паўднёвую. У 1959 годзе ўжо гарадскія вуліцы вёскі атрымалі наступныя назвы: вуліца Вялікая Слепня, 1-ы, 2-гі, 3-ці, 4-ты, 5-ты і 6-ты Сляпнянскія завулкі. Паўночная асноўная частка вёскі была амаль поўнасцю знесена ў 70-я гады падчас будаўніцтва мікрараёна «Усход». Некалькі хутароў пад агульнай назвай «Дражня» ў 30-я гады ХХ стагоддзя былі аб’яднаныя ў адзіную аднайменную вёску, якая знаходзілася на скрыжаванні сучасных вуліц Ваўпшасава і Солтыса. Былыя вясковыя вулачкі былі названы вуліцай Дражня, 1-м, 2-м і 3-м Дражненскімі завулкамі. 

 – Некаторыя былыя населеныя пункты Мінска звязаны з вядомымі асобамі. 

 – У адпаведнасці з той жа пастановай 1959 года ўвайшла ў межы горада і вёска Малая Сляпянка. Менавіта там знаходзілася сядзіба мастака Валенція Ваньковіча, а не ў камяніцы па вуліцы Філімонава (яна належала дваюраднаму брату Ваньковіча – Эдварду), як памылкова лічыцца ў некаторых выданнях. Сядзіба мастака размяшчалася на месцы гімназіі №5 па вуліцы Мендзялеева, вёска – трошкі далей, дзе зараз знаходзяцца 6-я гарадская бальніца і 14-я паліклініка. Былая вясковая забудова атрымала назвы 1-га і 2-га завулкаў Мендзялеева, але ў хуткім часе была поўнасцю знесена. На правым беразе Свіслачы знаходзілася былая вёска Сталовая, якая калісьці належала «сталу» мінскага войта. Вельмі рамантычнае паходжанне назвы ў вёскі Цівалі (зараз тэрыторыя ўздоўж вуліц Дуніна-Марцінкевіча і Прытыцкага – ад метро «Пушкінскай» да «Спартыўнай»), якая была далучана да горада ў 1967 годзе. Першапачаткова тут знаходзіўся гарадскі фальварак, які з сярэдзіны ХІХ стагоддзя належаў немцу па паходжанні Т.Гольцбергу. Прадпрымальны гаспадар ператварыў звычайны фальварак у культурны куток губернскага Мінска, пабудаваўшы там сядзібу, летні тэатр «Цівалі» і рэстаран. Фальварак невыпадкова быў названы гаспадаром «Цівалі»: у 1844 годзе ў Капенгагене знакаміты дацкі вандроўнік Г.Карстэнсен адкрыў першы ў Еўропе парк актыўнага адпачынку «Цівалі», які стаў настолькі папулярным, што ў многіх еўрапейскіх гарадах праз некаторы час узніклі свае «цівалі». З 1967 года галоўная вуліца ў вёсцы Цівалі (націск на апошнім складзе) называлася Кветкавай. Тут нарадзіўся галоўны трэнер (з 2005 г.) футбольнай зборнай Беларусі Юрый Пунтус. У 1970-я вёска была знесена.

(Працяг будзе.)

Міхась ВЯРГЕЙЧЫК

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter