Выборы-2018

 

Официально

Регион

Вандроўка ў мінулае

 Нядаўна на прасторах інтэрнэту ў поле зроку трапіў адукацыйна-сацыяльны праект «Вандроўкі ў мінулае», які прысвечаны пешым экскурсіям па Мінску. 

Гэта выдатная магчымасць для мінчан і гасцей сталіцы даведацца больш пра гісторыю горада. Праводзяцца яны ў фармаце  Free Walking Tours – пешшу і бясплатна. Загадзя запісвацца не трэба. Сярэдняя працягласць экскурсіі – паўтары гадзіны. Аўтар, кіраўнік, а таксама экскурсавод праекта – гісторык, краязнаўца Павел Дзюсекаў. 

У адзін з надвячоркаў карэспандэнт «Прысталічча» прайшла па адным з маршрутаў – «Асмалоўка, або Двухпавярховы Мінск».

Бліжэй да сямі вечара каля помніка Максіму Багдановічу, што побач  з Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь, збіраюцца групкамі людзі. У асноўным сямейныя пары, матулі з дзецьмi, сябры, закаханыя. Дарэчы, многiя прыходзяць на экскурсiю не ўпершыню. З’яўляецца і сам Павел. Напачатку ён вешае на сябе пасведчанне, мікрафон з гучнагаварыцелем, бярэ папку з фотаздымкамі. Потым экскурсавод згадаў некаторыя факты з біяграфіі вядомага беларускага паэта, публіцыста і літаратуразнаўцы Максіма Багдановіча.

Трэба адзначыць, што месца для помніка выбрана невыпадкова. Праз вуліцу, якая носіць цяпер яго імя, стаяў дом, дзе 9 снежня 1891 года нарадзіўся Максім Багдановіч. Гэта быў дом нумар 25 па Аляксандраўскай вуліцы. Унізе размяшчалася першая гарадская пачатковая школа, якой у 1885–1891 гадах кіраваў бацька паэта Адам Ягоравіч. На другім паверсе жыла сям'я. Сам дом згарэў у апошнюю вайну. Сёння на яго месцы ўстаноўлены памятны знак.

Наш экскурсавод расказваў пацешныя факты і здарэнні, звязаныя з будынкамі Трэцяга Дома Саветаў і былой Духоўнай семінарыі. Паказваў фатаграфіі, як усё было раней і як стала цяпер. І дзякуючы гэтаму здавалася, што гісторыя ажывае перад нашымі вачыма. Дадатковым плюсам экскурсіі стала тое, што яна праводзілася на беларускай мове. 

Цікавай аказалася гісторыя пра дом балерын, які стаяў на вуліцы Алаізы Пашкевіч, 5. Чатырохпавярховы будынак на тры пад'езды пабудаваны ў 1935 годзе. Падчас вайны ён пацярпеў і быў адноўлены ў 1950-х гадах. Гэты будынак быў і застаецца легендарным – тут жылі тэатральныя знакамітасці. Тут было шмат камунальных кватэр. Выключэнне — толькі першы пад'езд. З «выгод» — прыбіральня. На кухні пячное ацяпленне. У 60-я гады, калі жыхары выкідвалі печы, ванну даводзілася ставіць каля акна на кухні, бо яна нідзе не памяшчалася. Імі карыстаюцца і сёння.

Успомніў Павел і цікавы выпадак з жыцця прымы Вялікага тэатра Басі Карпілавай, якая таксама жыла ў гэтым будынку. Калі знакамітая балерына выконвала партыю Эсмеральды ў аднайменным балеце, у адной са сцэн «танцавала» і жывая каза. Жывёліну прыстроілі ў суседні пакой-грымёрную як «артыстку, якая выконвае ролю казы» і паставілі на забеспячэнне адпаведным загадам. Зрэшты, неўзабаве ад гэтай ідэі адмовіліся.

Між тым неяк незаўважна апынуліся каля Асмалоўкі – ціхага цэнтра горада, які быў пабудаваны яшчэ ў пасляваенны перыяд. Ёсць варыянт, што двухпавярховыя дамы ў раёне вуліц Багдановіча, Кісялёва, Куйбышава і Камуністычнай будуць знесены і на іх месцы з’явяцца шматпавярховыя будынкі з падземнымі аўтастаянкамі.

Паводле слоў гісторыка, сённяшняя забудова Асмалоўкі перадусім важная для грамадзян, якія там жывуць. Гэта 300 сем'яў і больш за 1200 чалавек. 

Ёсць тут і дзве сям'і, якія жывуць на гэтым месцы яшчэ з дарэвалюцыйных часоў, а таксама людзі, якія пасяліліся ў адбудаванай Асмалоўцы адразу пасля вайны. Адзін з першых кварталаў лічыўся элітным і напачатку свайго існавання нават ахоўваўся. Там былі брамы, праз якія ноччу нельга было прайсці без пропуска. Будаваўся  раён для вайскоўцаў, навукоўцаў, оперных спевакоў, балерын.

Таксама экскурсавод  адзначыў, што сённяшняя Асмалоўка – вельмі чыстае, ціхае і зяленае месца, дзе паўтары тысячы дрэваў і заўжды ёсць цень. Сюды сем'і прыходзяць гуляць з дзецьмі – такая зялёная зона ў цэнтры горада. Падчас прагулкі між дамамі дзе-нідзе спыняліся і Дзюсекаў чытаў асмалоўскія казкі Адама Глобуса.  

Знакаміты бровар «Аліварыя» сустрэў спакуслівым водарам. Гісторыя завода пачынаецца з прадпрымальнай мінчанкі Рохлі Фрумкінай, якая ў 1864 годзе ўзвяла ў Мінску драўляны будынак для піваварні. Яна валодала броварам на працягу 20 гадоў. Яе сыны не змаглі годна прадоўжыць справу маці, і ў 1893 годзе з публічных таргоў завод выкупіў граф Караль Ян Чапскі. Ён пабудаваў новы корпус – адзін з тых, у якім і зараз вараць піва, завёз новае абсталяванне, аснасціў завод паравым катлом і рухавіком, правёў электрычнасць.

Наступным уладальнікам бровара стала сям'я Лекертаў. І зноў тут кіравала жанчына, маці сямейства. З таго перыяду захаваліся правілы ўнутранага распарадку: на заводзе працавалі з 6 раніцы да 7 вечара, у суботу скарочаны дзень, а за курэнне ці брыдкаслоўе  каралі. Тут была распрацавана ўласная сістэма штрафаў.

У савецкі час на заводзе варылі каля 1 мільёна дэкалітраў піва ў год, цяпер новае абсталяванне дазваляе на той жа тэрыторыі выпускаць штогод 9–10 мільёнаў дэкалітраў. У 1993 годзе завод становіцца акцыянерным таварыствам «Аліварыя». З 1994 года ні адна акцыя «Аліварыі» не належыць дзяржаве.

З месца, дзе мы спыніліся, было відаць, у якіх вялікіх закрытых чанах сёння вараць піва.

Запомніўся смешны выпадак з гісторыі завода, калі з невядомых прычын у жыхароў суседняга дома аднойчы з кранаў пацякло піва. Доўжылася прыемная нечаканасць не шмат часу, але старажылы расказваюць пра гэта і цяпер.

На такой прыемнай ноце наша вандроўка скончылася. Усе факты і гісторыі, якія расказаў Павел, пакінулі добрае ўражанне. Раней гэтыя вуліцы са старымі будынкамі ўспрымаліся проста як шэраг офісаў i кавярняў. У што-

дзённай мітусні на іх не звяртаеш увагі. А невялікае падарожжа дапамагло ўспрыняць мінскае наваколле як гісторыю з выразнай архітэктурай, цікавымі асобамі. Наш горад хавае яшчэ шмат таямніц, якія і надалей будзем адкрываць з «Вандроўкамі ў мінулае».

Марына АРЭШКА 

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter