Прысталiчча

Газета Минского района

Азярцо. Мінская вобласць, Мінскі раён



 Не ведаў, прабачце, ці прапаноўваць мне наступную вандроўку тым, хто жыве ў сталіцы ці побач з ёю. Яе нават вандроўкай цяжка назваць, бо трэба толькі літаральна пераступіць кальцавую дарогу -- і вы ўжо на месцы. Асмелюся спадзявацца, хай не кожны жыхар горада, а праз аднаго, але ж быў тут, можа, і не адзін раз.

І, як высветлілася, памыляўся я, і добра памыляўся. З размоў з маімі шматлікімі сябрамі ды знаёмымі стала зразумела, што такая вандроўка хаця б на старонках майго праекта далёка не будзе лішняй. Гэта, як кажуць, з той оперы, калі мы ўздоўж і ўпоперак праехалі Егіпет ды Турцыю, не кажучы ўжо пра Балгарыю ці тую ж Польшчу, а цераз кальцавую перайсці… усё неяк часу не хапае, а ці ж будзе там цікава…

Адважуся, паважаныя нашы чытачы, усё ж наступную вандроўку вам з прыемнасцю прапанаваць. Нават пешшу ці на ровары, а на аўтамабілі дык увогуле  не паспееш вокам міргнуць, як мы ў Азярцы.

Чым жа такім прывабная гэтая, адразу трэба сказаць, вельмі маляўнічая мясціна, частка якой, як стала вядома, з’яўляецца зонай ахоўнага ландшафту. Здаецца, побач такі вялізны горад, а на зусім невялічкай адлегласці ад яго захаваліся не вельмі  кранутыя чалавекам абшары, у якіх так удала і кампактна сумяшчаюцца і больш паўнаводная рака Пціч, і зусім непрыкметная, хутчэй падобная да ручая рака Менка. Тыя ж курганы і старажытныя гарадзішчы, дзе, як сцвярджаюць даследчыкі,  узнік наш горад Мінск. А таксама вёсачкі, якія яшчэ і сёння хаваюць у сабе народныя традыцыі драўлянай забудовы.

 Усё гэта выглядае настолькі сваім у гэтым месцы, з густам падабраным матухнай-прыродай, што менавіта яно было абрана для будаўніцтва першага і пакуль адзінага ў Беларусі дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Іншымі словамі -- гэта наш беларускі Скансэн. Першы музей такога роду быў створаны ў канцы ХІХ стагоддзя ў Швецыі. Карацей, гэта музей пад адкрытым небам, на тэрыторыю якога з розных куточкаў краіны звозяцца старажытныя помнікі драўлянай архітэктуры. Размяшчаюць іх так, як яны стаялі першапачаткова, не парушаючы іх вонкавы і ўнутраны выгляд.

Гэтай справай у 1976 годзе заняўся знакаміты архітэктар, мастацтвазнаўца, этнограф, доктар архітэктуры і член-карэспандэнт НАН Беларусі Лакотка Аляксандр Іванавіч. Дзякуючы яму і іншым навуковым супрацоўнікам, якія працавалі з ім разам, мы, на шчасце, маем у нашай краіне такі незвычайны музей. Была праведзена грандыёзная праца па пошуку, вывучэнні, разборцы і потым зборцы ў музеі помнікаў драўлянай архітэктуры з розных гістарычна-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Прыкладна праз дзесяць гадоў карпатлівых намаганняў музей адкрыўся для шматлікіх наведвальнікаў. Доўгі час дырэктарам музея працавала жонка Аляксандра Іванавіча --  Святлана Лакотка.

Першапачаткова ў структуры музея было закладзена шэсць архітэктурна-этнаграфічных рэгіёнаў нашай краіны. З адкрыцця і па сённяшні дзень працуюць пакуль толькі тры: цэнтральны рэгіён, Паазер’е і Падняпроўе. На іх тэрыторыях сабраны цэлыя вясковыя вуліцы: хаты, гаспадарчыя пабудовы, будынкі карчмы ды вясковай школы, ветракі разнастайных канструкцый, драўляныя цэрквы. Сюды нават быў перавезены ўніяцкі храм з адноўленым інтэр’ерам. Мноства прыкладаў малых архітэктурных форм -- гэта студні, агароджы, веснічкі ды брамы, лаўкі і завалінкі ля хат ды на вуліцах.

На мой погляд, асабліва неацэнная каштоўнасць беларускага Скансэна -- гэта інтэр’ер вясковых хатак. Ад аўтэнтычных печаў і грубак да фіранак на вокнах і дзяруг на ложках ды палацях. За сталамі стаяць лавы, ля печы і дзвярэй -- зэдлікі і ўслончыкі. Збаны, дзежкі, вілы, дзіцячыя калыскі, варштаты. Абразы пад вышыванымі зрэбнымі ручнікамі і жоўтыя старыя фотаздымкі пад шклом на сценах. Хлявы і гаспадарчыя пабудовы поўняцца прыладамі працы, якімі карысталіся нашы бацькі, бабулькі з дзядулькамі. Гэтай старонкі не хопіць, каб пералічыць усё тое, што было сабрана там за дзесяць гадоў спадарамі Лакоткамі, бадай, з усёй Беларусі. Нізкі паклон ім за працу, за імкненне ствараць, каб у рэшце рэшт у нас быў такі архітэктурны цуд пад адкрытым небам, літаральна за кальцавой дарогай сталіцы нашай краіны.

Сёння можна назіраць цікавую асаблівасць гэтага музея. Ён пашыраецца, дабудоўваецца літаральна кожны дзень. Аднаўляюцца, рэстаўруюцца новыя экспанаты, драўляныя помнікі нашай нацыянальнай спадчыны. Гэта будзе працягвацца і заўтра. На шмат гадоў наперад дастаткова няспыннай працы па ажыццяўленні галоўнай мэты -- захаванні і дэманстрацыі наведвальнікам драўляных помнікаў глыбінкі, прадметаў сялянскага побыту і прыкладаў найбагацейшай беларускай народнай культуры, яе абрадаў і шматвяковых традыцый нашых таленавітых продкаў.

У кожную пару года музей у Азярцы непаўторны і ўспрымаецца па-новаму. Неверагодна каляровы і разнастайны ў фарбах лета і восені. Бліскучы і чароўны вясною і ўзімку. Гуляць па яго прасторы можна літаральна цэлы дзень, і я не перабольшваю. Замовіўшы нешта смачнае з прысмакаў беларускай кухні ў карчме на зручны для вас час, можаце не спяшаючыся працягваць свой шпацыр па музеі ў які заўгодна бок, у любым кірунку.

Колькі разоў там быў -- столькі атрымліваў бязмежную асалоду і безліч добрых пачуццяў ад убачанага, радаваўся, што ёсць у нас падобнае месца, наскрозь пранізанае цеплынёю і пяшчотай неверагодна захапляльнай правінцыі, бясконца чароўнай  нашай беларускай глыбінкі. Ну, дык што? Заўтра ў Азярцо!

Уладзімір Цвірка 

 

 

Оставить комментарий: