Прысталiчча

Газета Минского района

Адпачыць па-беларуску, ці "Танцы ад печы"



 Ці ведаеце вы, дзе можна правесці вольны час цікава, весела, актыўна ды яшчэ з карысцю для душы і цела? Аказваецца, далёка ехаць ці збіраць шмат грошай зусім не абавязкова. У Міханавіцкім доме фальклору гасцям рады заўсёды: тут і яркія відовішчы, і душэўныя адносіны, і смачныя пачастункі. 

Родам з дзяцінства

Заходзіш у звычайны сярэдніх памераў дом і асабліва ні на што не разлічваеш. У сённяшнім шэрагу прапаноў і магчымасцяў для адпачынку можна разгубіцца і ў выніку аддаць перавагу ляжанню на канапе перад тэлевізарам альбо камп'ютарам. Ці наадварот: наведваць самыя разнастайныя мерапрыемствы адно за адным, але не атрымліваць пры гэтым ніякай асалоды. Чаму б у такім выпадку не ўзгадаць, як адпачывалі нашы продкі-беларусы? 

— Паспрабуйце аднойчы і вам абавязкова спадабаецца, — гаворыць дырэктар Міханавіцкага дома фальклору Алена Гадалава. — Ужо трэці год мы праводзім вячоркі, якія назвалі "Танцы ад печы". Дарэчы, назва цалкам сябе апраўдвае. У нашым утульным гасцінным доме ёсць сапраўдная, не бутафорская, печ. А без танцаў і песень, гульняў і жартаў сустрэчы ніколі не абыходзяцца. Людзі самага рознага ўзросту знаходзяць тут заняткі па душы і не сумуюць. Дзеці з задавальненнем гуляюць, асабліва іх прыцягвае  печка. Гэта і не дзіўна! Дзе яшчэ можна яе ўбачыць, залезці на цёплую чарэнь, далучыцца да вясёлай кампаніі такіх жа хлапчукоў і дзяўчынак? Дарослыя любяць танчыць. Ніякіх асаблівых навыкаў для гэтага не трэба. Той, хто абсалютна не ведае беларускіх танцаў, паступова з лёгкасцю развучвае іх у карагодзе. Увогуле любая гульня імгненна аб'ядноўвае ўсіх, хто прыйшоў на вячоркі. Часам дарослыя  захапляюцца нават больш, чым дзеці, забываюць аб паўсядзённых клопатах і турботах хаця б на некаторы час.   

Нарэшце прыходзіць разуменне таго, як усё ж такі добра адпачыць у звычайным беларускім доме, утульным і гасцінным, дзе ўсё так проста, зразумела і знаёма з маленства! 

Вяртаемся да каранёў

Без пачастункаў дом фальклору не пакідае ніхто. Пакаштаваць традыцыйныя беларускія стравы,  натуральныя,  без усялякіх кансервантаў і  толькі што з печы, мае магчымасць кожны. Нават самыя пераборлівыя гурманы не застаюцца ў баку ад мачанкі, гарбузовай кашы, бліноў і хлеба на заквасцы — таго самага, бабулінага. Тут усё сапраўднае, прыгатаванае з душой, а самае галоўнае — роднае, да якога нельга быць абыякавым!

Міханавіцкі дом фальклору — адзіная ў Мінскім раёне ўнікальная ўстанова, якая спецыялізуецца на фальклоры. Прычым тут цікавяцца беларускай народнай культурай без усякай апрацоўкі. Шукаюць, збіраюць і захоўваюць менавіта тое, што створана народам. На занятках па  інтарэсах цікава і дарослым, і дзецям: узорны ансамбль "Калыханка" (кіраўнік Ларыса Рыжкова) спявае народныя песні, ансамбль бытавога танца "Ютрань" (кіраўнік Вольга Трафіменка) удала пераймае мясцовыя міханавіцкія танцы. Гурток "Мастацкае фота" (кіраўнік Алена Гадалава) аб'яднаў юных фатографаў. Дарослыя, якія цікавяцца беларускай кухняй, наведваюць аматарскае аб'яднанне "Каравайны збор "Печыва" (кіраўнік Валянціна Грыбоўская).  Адным словам, было б толькі жаданне ўзгадаць свае карані і не адрывацца ад іх.  Дзверы Міханавіцкага дома фальклору заўсёды адчынены!

Быць не гледачом, а ўдзельнікам

Дом фальклору не проста працуе ў розных накірунках народнай культуры, а жыве імі штодня. Таму любыя мерапрыемствы, якія тут ладзяцца, праходзяць настолькі натуральна, непасрэдна і цікава: чалавек быццам пераносіцца ў мінулае на машыне часу, дзе няма гаджатаў, дзе ўсе глядзяць адзін аднаму ў вочы і ўсміхаюцца, а не адпраўляюць замест гэтага "смайлікі". 

— Мы не практыкуем канцэртныя формы работы, — расказвае Алена Гадалава. — Нам важна, каб наведвальнікі былі не проста гледачамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі мерапрыемства. Толькі так можна наладзіць жывыя, цёплыя чалавечыя  зносіны, якія ў наш час — вялікі дэфіцыт. На жаль, у грамадстве назіраецца сумная тэндэнцыя: большасць выбірае пасіўны адпачынак, а моладзь увогуле часта бывае вельмі цяжка выцягнуць з камп'ютарных гульняў, сацыяльных сетак і інтэрнэт-сайтаў. Але ўсяму ёсць мера.  Ніякі сурагат ніколі не зможа замяніць рэальнае жыццё! Вось мы і маем   няпростую мэту — навучыць моладзь адпачываць душой, а дарослым нагадаць аб гэтым. 

Самае важнае, усё рабіць шчыра і ад сэрца. Такая абстаноўка дазваляе не толькі расслабіцца, але і дапамагае разабрацца, хто ты на самой справе і што табе на сам рэч патрэбна. Таму не толькі ў беларусаў, але і ў гасцей самых розных нацыянальнасцяў дом фальклору пакідае светлыя ўспаміны. Тут былі аўстрыйцы, французы, палякі, італьянцы і расіяне. Усіх сустракалі па-свойму, у залежнасці ад таго, на якое народнае свята прыпадаў візіт. З французскімі студэнтамі калядавалі. З дэлегацыяй з вострава Сардзінія святкавалі Масленіцу. Усе іншаземцы на развітанне абяцалі прыехаць сюды яшчэ раз. 

 Міханавіцкі дом фальклору чакае ўсіх жыхароў прысталічча! Далучайцеся да запаветаў нашых дзядоў і прадзедаў праз беларускую хату, якая з даўніх часоў — сімвал матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту славян.   

Таццяна ШЫМКО.

 

 

 

 

 

Тема : год культуры

Оставить комментарий: