Выборы-2018

 

Официально

Регион

Цымбалістаў сабраў крупіцкі “Спеў дубраў”

Выступае народны ансамбль цымбалістаў “Пралескі” Крупіцкага цэнтра культуры імя У.М. Грома.

Вядомых дзеячаў культуры і навучэцаў дзіцячых школ мастацтваў Мінскага раёна на адной сцэне сабраў VII раённы фестываль юных цымбалістаў “Спеў дубраў”. 

Мерапрыемства традыцыйна прайшло ў Крупіцкім цэнтры культуры імя У.М. Грома. Фестываль даўно стаў  яркай культурнай падзеяй і доўгачаканай сустрэчай таленавітых людзей. 

19 гадоў таму ў Мінскім раёне па ініцыятыве Крупіцкай школы мастацтваў і Крупіцкага цэнтра культуры, а таксама пры пад-трымцы аддзела культуры Мінскага райвыканкама быў арганізаваны першы фестываль цымбалістаў.

— Усе пачалося з таго, што наша музычная школа была пераўтворана ў школу мастацтваў, — расказала дырэктар Крупіцкай дзіцячай школы мастацтваў Зоя Гром. — Мы ўзялі курс у першую чаргу на вывучэнне беларускага народнага мастацтва. Сталі праяўляць большую цікавасць да нашых народных інструментаў. Неўзабаве прыйшла думка аб правядзенні свята цымбалістаў у Крупіцы. Прысвяціць яго было вырашана Іосіфу Жыновічу — стваральніку беларускіх канцэртных цымбалаў, народнаму артысту СССР, прафесару. Такім чынам крупіцкі фестываль цымбалістаў  ужо на працягу 

19 гадоў прапагандуе творчасць гэтага вялікага чалавека. Акрамя таго, разам з цэнтрам культуры ўзяліся адраджаць цымбальны ансамбль, калісьці  існаваўшы ў нашай вёсцы. Гэта ансамбль “Пралескі”, які зараз мае званне народнага.

У кожнага музычнага фестываля свая адметная праграма. Да прыкладу, на першым дэманстравалі дакументальны фільм пра жыццё Іосіфа Жыновіча. У маладосці ён з вясковымі цымбаламі зайшоў у тэатр Янкі Купалы і атрымаў запрашэнне далучыцца да спектакля “Паўлінка”. Падчас наступных фестываляў у Крупіцу прыязджалі вядомыя цымбалісты — вучні Іосіфа Жыновіча.

Настаўніца Крупіцкай дзіцячай школы мастацтваў Надзея Змушко з вучаніцай Дар’яй Уласік. 

У гэты раз на фестывалі таксама сабралася нямала вядомых людзей. Сярод іх: Алесь Лявончык — вучань і паплечнік Іосіфа Жыновіча, Міхаіл Казінец — народны артыст Беларусі, прафесар, кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці. Таксама прыехалі Аляксандр Крамко — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор, аранжыроўшчык, Тадэвуш Стружэцкі — дзеяч культуры, старшыня Беларускага фонда культуры і іншыя. Цікава, што яшчэ раней некаторых знакамітасцяў лёс звязаў з Крупіцай. У студэнцкія гады маэстра Казінец прымаў удзел ва ўзвядзенні помніка загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. Алесь Лявончык 10 гадоў выкладаў у мясцовай школе мастацтваў.

У гэты раз на фестывалі была прэзентавана ўнікальная кніга “Беларускія народныя музычныя інструменты”. Яна пабачыла свет нядаўна ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ў супрацоўніцтве з Беларускім фондам культуры пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі.

Як расказаў аўтар праекта і ўкладальнік кнігі Тадэвуш Стружэцкі, агульная задача, асабліва ў Год культуры, — занатаваць і захаваць звесткі пра нашы музычныя інструменты, выдатных майстроў і выканаўцаў, пра тое, як на Беларусі пачынаўся фестывальны рух. Гэтая кніга з’явілася ў тым ліку і ў памяць пра Уладзіміра Грома. Менавіта ён стаў адным з пачынальнікаў адраджэння традыцыйнай музычнай культуры нашай краіны, быў даследчыкам, музыкантам, фалькларыстам. Працаваў дырэктарам Крупіцкага цэнтра культуры, з’яўляўся кіраўніком заслужанага аматарскага калектыву “Крупіцкія музыкі”. Дарэчы, у наш час, на жаль, засталося мала майстроў, якія вырабляюць народныя інструменты. Аднак некаторыя паспелі перадаць сваё майстэрства. Вучням Уладзіміра Грома стаў сын Дзяніс. Зараз, дзякуючы менавіта яму, многія творчыя калектывы і музычныя ўстановы маюць выдатныя акарыны (акарына — духавы музычны інструмент з гліны).

Прадстаўнікі ўзорнага ансамбля цымбалістаў “Глорыя” Заслаўскай школы ма-стацтваў Соф’я Анкудовіч, Станіслаў Раманоўскі і Таццяна ЖукоўСкая.

Сёлета, як і штогод, любоў да народных інструментаў і музыкі аб’яднала ўдзельнікаў, гасцей і гледачоў фестываля. Цудоўным падарункам стала выступленне прафесійных выканаўцаў ігры на цымбалах з дзяржаўнага акадэмічнага аркестра народных інстументаў імя Іосіфа Жыновіча. Юныя таленты школ мастацтваў Мінскага раёна прыкметна хваляваліся. Дзякуючы сустрэчы ў Крупіцы яны набылі не толькі вопыт, але і натхненне, упэўненасць, што пры жаданні і стараннасці можна дасягнуць многага. 

Лізавета Шкурдзюк і Лізавета Асіпенка прадстаўлялі Бараўлянскую школу мастацтваў. Дзяўчынкі рады, што змаглі паспрабаваць свае сілы на такім фестывалі. Цымбалы яны асвойваюць з задавальненнем. Аднойчы з бацькамі прыйшлі ў школу мастацтваў, убачылі гэты цікавы народны інструмент і закахаліся. Цяпер тры разы на тыдзень наведваюць заняткі. Так склаўся дуэт дзвюх Лізавет.

З Заслаўя прыехаў ансамбль “Глорыя”. 

— Пра цымбалы нельга забываць, — адзначылі юныя заслаўскія музыканты Соф’я Анкудовіч, Станіслаў Раманоўскі і Таццяна Жукоўская. — Гэта адзін з цудоўных старадаўніх інструментаў. Яму па сілах столькі розных мелодый. Мы граем і расказваем пра цыбалы тым, хто амаль нічога пра іх не ведае. Марым не проста асвоіць інструмент, а і стаць знакамітымі цымбалістамі. 

Таццяна ШЫМКО, фота аўтара

Смотреть все фото

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter