Выборы-2018

 

Официально

Регион

Вяселле па-беларуску

У Крупіцкім цэнтры культуры імя Уладзіміра Грома правялі ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу з элементамі беларускіх традыцый і абрадаў.
 
Вяселле насычана рознымі сімвалічнымі дзеяннямі. У розных месцах яго спраўляюць па-рознаму: адны – на аснове мясцовых звычаяў, другія – узятых з літаратуры абрадаў. Але лепш ведаць звычаі сваіх продкаў, увасобленыя ў іх векавой мудрасці. Гэта і прапанавалі маладым супрацоўнікі цэнтра культуры.
 
– Вясельная цырымонія паводле народных звычаяў – сёння падзея даволі рэдкая, – прызнаецца дырэктар Ірына Дзернакоўская. – Мы пастараліся правесці рытуал так, каб беларускія традыцыі арганічна знітаваліся з сучаснымі.
 
Першымі маладых Сяргея і Юлію Кулік хлебам-соллю сустракалі работнікі культуры ў нацыянальных беларускіх касцюмах. Словамі «Добры дзень маладым!» запрасілі ў залу ўрачыстых абрадаў пад ручніком-аркай. Колісь вясельны ручнік вышывала маці жаніха альбо нявеста. Маладыя павінны былі прайсці праз арку шчасця з ручніка, ненадоўга затрымацца пад ёю і загадаць жаданне. 
Перад пачаткам рэгістрацыі жаніх і нявеста сталі на рассцелены перад імі ручнік, што сімвалізуе дарогу, па якой цяпер давядзецца ісці разам. Абмяняўшыся кольцамі, якія знайшлі ў хлебным зерні, яны паставілі подпісы ў кнізе рэгістрацый, потым жаніху ўручылі пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу. Пасля першага сямейнага пацалунку Сяргей і Юлія выканалі свой першы вясельны вальс.
Работнікі цэнтра культуры падрыхтавалі жартоўныя падарункі з цікавымі пажаданнямі, якімі ў старажытнасці адорвалі маладых: буракі, сноп, моркву, ніткі, кветкі... Гучала беларуская вясельная песня.
 
Паводле яшчэ аднаго звычаю, праведзенага ў суботні святочны дзень, рукі жаніха і нявесты звязалі імправізаваным поясам: у знак таго, што маладыя злучаюць свае лёсы навечна. Пояс у народзе таксама лічыцца талісманам, які засцерагае ад нячыстай сілы і злых духаў. На гэтым, з пажаданнямі маладым не адыходзіць цяпер адно ад аднаго ні на крок, і завяршыўся вясельны абрад.
 
Марына Арэшка

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter