Выборы-2018

 

Официально

Регион

Горад з тысячагадовай гісторыяй

 Заслаўе з’яўляецца адным з найстарэйшых гарадоў Беларусі. У гэтым прыгожым месцы нават паветра насычана гісторыяй і старадаўнімі паданнямі. Вуліцы, храмы, руіны замка і ваенныя ўмацаванні захапляюць жыхароў і гасцей Заслаўя. Таму, хто яшчэ не пабываў там, варта паглядець ролік «Горад з тысячагадовай гісторыяй» і адправіцца ў вандроўку.

Нядаўна ў інтэрнэце з’явіўся таймлапс-ролік, прысвечаны аднаму  са старажытных гарадоў Беларусі – Заслаўю. На 2-хвілінным роліку можна ўбачыць гарадзішча «Замэчак», рэшткі Заслаўскага замка, прыгожыя храмы. Адлюстраваны і аб’екты этнаграфічнага комплексу: млын, кузня, свіран і «хата завозніка». У гэтым будынку, які быў харчэўняй і гасцініцай, спыняліся сяляне, якія везлі збожжа на памол. Ад слова «завозілі» і пайшла назва «завознікі». Аўтарам відэа стаў Леанід Хвашчынскі.

Леанід свой першы таймлапс-ролік зняў у 2012 годзе. Ён называўся «Мінск у мініяцюры». У 2015-м выйшла ў свет работа «Намалюю Мінск». Знята ім каля 50 розных ролікаў.
 
На працягу года Леанід спецыяльна «лавіў» надвор’е, каб можна было паказаць прыродныя з’явы найбольш выгадным чынам. Крыху пазней рэжысёру далі доступ у музейны комплекс, што ў старым горадзе. Гэта стала асноўным месцам здымак. Менавіта там зроблены шматлікія кадры ў інтэр’еры, якія можна ўбачыць у роліку.
 
– Даўно хацеў стварыць нешта аб Заслаўі з некалькіх прычын, – дзеліцца Леанід. – Першая – даступнасць: горад знаходзіцца побач са сталіцай. Другая з’яўляецца галоўнай – усё дзяцінства звязана менавіта з гэтымі мясцінамі. Бацька Аляксандр Рак – галоўны захавальнік фонду музея-запаведніка «Заслаўе». З ранніх гадоў меў магчымасць вывучаць комплекс і бачыў, як усё развівалася і будавалася. Гэтыя дзіцячыя ўражанні засталіся ў памяці, і калі склалася прафесія рэжысёра, аператара і чалавека, які здымае таймлапсы, з’явілася мэта ўвасобіць у малюнку сваё бачанне горада. Калі выдалася магчымасць – пачаў здымаць. Усе работы праводжу адзін, але ёсць сябар, які дапамагае парадамі. Гэта Арцём Прадко – вельмі вядомы ў свеце таймлапса чалавек, які першы прыдумаў тэхніку "Таймлапс у руху".
 
– Кожнага з нас прыцягвае нейкі горад. Для мяне гэта Заслаўе – месца, у якім адчуваю сябе як дома. Не магу меркаваць пра яго, як пра славутасць, але лічу, што тут ёсць на што паглядзець. Думаю, і турыстам будзе цікава ўбачыць музейны комплекс, дзе захаваліся такія пабудовы, як млын, кузня. Сёння падобных будынкаў вельмі мала. Калі прыязджаюць сябры з-за мяжы, абавязкова вяду іх туды. Усім падабаецца.
 
– Напачатку размовы згадвалі аб успамінах дзяцінства пра горад. А якія самыя яркія?
 
–Напэўна, рыцарскія турніры. Усёй сям’ёй наведвалі іх. Гэта было заўсёды цікава. Арганізоўвалі рэканструкцыю тых падзей, будавалі драўляныя ўмацаванні. Вельмі яркае і захапляльнае прадстаўленне. На жаль, ужо гадоў 10  іх не праводзяць. У музейнага комплексу з’явілася відэакамера, якую бацька браў з сабой. Ён здымаў усё, што адбываецца ў горадзе, і, напэўна, гэта паўплывала на мой выбар прафесіі.

– Што змянілася ў Заслаўі за гэтыя гады?
 
– Цяпер горад выглядае сучасна. Стаў больш дагледжаным. Музейны комплекс таксама з кожным годам паляпшаецца. Нядаўна пабялілі касцёл, стварылі дзіцячы парк недалёка ад чыгункі. За музейным комплексам добраўпарадкавалі возера, там плаваюць лебедзі, стаяць лавачкі, дзе людзі могуць адпачываць і любавацца наваколлем. Паляпшаецца з кожным годам і спартыўная складаючая горада. Мінулым летам адкрылася канатная дарога для заняткаў вейкбордзінгам – іх у Беларусі ўсяго каля 10. На возеры ставяцца дзве апоры, нацягваецца трос і можна катацца на дошцы па вадзе. У перапынках паміж здымкамі самому падабалася гэтым займацца.

– Хутка ў Заслаўі свята, ці будзе транслявацца ролік?
 
– Буду вельмі рады, калі яго будуць глядзець людзі, але для мяне важны сам працэс. Ведаю, што музей плануе выкарыстоўваць гэты ролік на прэзентацыях. Магчыма, яны зробяць кампакт-дыскі і будуць прадаваць іх турыстам. Да гэтага ніводзін музей падобнага не рабіў. Комплекс атрымаў добры матэрыял, каб сябе паказваць.
 
У хуткім часе Леанід зноў плануе здымаць у Заслаўі.
 
Марына Арэшка 

Таймплас – відэа, створанае з серыі фотаздымкаў, знятых нерухомай камерай або якая плаўна рухаецца на працягу доўгага прамежку часу. 

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter