Выборы-2018

 

Официально

Регион

Код дзіцячай геніяльнасці ў творах Хадасевіч-Лісавой

Сучасныя падлеткі часцей за ўсё трымаюць у руках планшэт ці смартфон, а не кнігу. Рэальнасць, якую мы вымушаны, на жаль, прыняць. Пра што ж  напісаць, каб зацікавіць юнакоў-летуценнікаў менавіта кніжным словам? 

Новае выданне Кацярыны Хадасевіч-Лісавой "Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка" будзе цікавым для прачытання сучаснаму падлетку.

Многія ўжо знаёмы з першай кнігай аўтара "Касмічная адысея хлопчыка Стасіка". Гэта казачная аповесць мае багата прыязных водгукаў на інтэрнэт-форумах, а таксама адзначана Дыпломам ІІ ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2012 года ў галіне дзіцячай літаратуры”. Першая кніга пісьменніцы настолькі зацікавіла вучняў Ждановіцкай сярэдняй школы, што яны вырашылі правесці даследаванне па гэтым творы і напісалі аналітычную работу "Мастацкія асаблівасці казачнай аповесці Кацярыны Хадасевіч-Лісавой "Касмічная адысея хлопчыка Стасіка". Вучні адзначылі, што аўтару ўдалося стварыць прыгожыя карціны  касмічных прыгод, што адбываюцца са звычайным хлопчыкам, асаблівую ўвагу звярнулі юныя даследчыкі і на метафарычнасць стылю. 

Прадаўжэння гісторыі пра прыгоды Стасіка чытачы чакалі ўжо некалькі гадоў. Ці ўдалося аўтару стварыць гісторыю, вартую той жа ўвагі ці нават большай? Што можа захапіць сучаснага падлетка ў кнізе Кацярыны Хадасевіч-Лісавой?

Казачная аповесць — удала абраны жанр, які стаў традыцыйным для творчасці пісьменніцы. Прываблівае мабільнасць кампазіцыі твора: дзесяць казак. Дадзены варыянт вельмі зручны — можна прачытаць адну гісторыю і адкласці кнігу на некаторы час. Для сучасных школьнікаў, у якіх часта пераважае кліпавае мысленне, — найлепшы варыянт.  Да таго ж могуць зацікавіць у творы юных чытачоў элементы дэтэктыўнага жанру і фантастыкі. Варта адзначыць: нягледзячы на агульнасць жанру, на прысутнасць у творах адных і тых жа герояў (хлопчыка Стасіка і Зорнічак), кнігі існуюць самастойна. 

Хто не чытаў "Касмічную адысею хлопчыка Стасіка" лёгка зразумее змест другой кнігі "Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка". Прываблівае і кампазіцыя: дзеянне адбываецца ў рэальным свеце і фантастычным, які рэалізуецца праз сон хлопчыкаў. Калі чытаеш другую кнігу, становіцца цікава, а што было ў першай, — і гэта ўдалы ход аўтара. 

Хацелася б звярнуць увагу на выхаваўчае значэнне казачнай аповесці. Сюжэт кнігі максімальна набліжаны да рэальнасці. Галоўныя героі — звычайныя хлопчыкі і дзяўчаткі, якія жывуць у звычайным беларускім аграгарадку Ждановічы, недалёка ад Мінска, нават вуліцы Зарэчная і Зялёная — рэальныя. Звычайныя імёны, якімі называюць сёння хлопчыкаў і дзяўчат.

Дарэчы, прататыпы герояў твора ўжо зацікавіліся кнігай, не кожны можа мець такі гонар, чытаць пра сябе і свае ж прыгоды.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая застаецца вернай сваёй традыцыі: як і ў кнізе "Казкі сівой даўніны" яна звяртаецца да беларускай міфалогіі, праўда, падае аповед пра лесуна з гумарам. У дзяцінстве мы часта верым у цмокаў, вадзянікоў. Хто з нас не любіў палохаць сяброў, расказваючы неверагодныя страшылкі? Лагічна, што ў ХХІ стагоддзі няпроста паверыць у існаванне лесавікоў, але праверыць трэба, усё ж такі вырашаюць героі твора. А вось тут ужо пачынаюцца прыгоды рэальныя, сапраўды страшныя. Важна развіваць фантазію чытачоў — і Кацярына Хадасевіч-Лісавая робіць гэта па-майстэрску. Такім чынам, аўтарскае вызначэнне жанру твора (казачная аповесць) уяўляецца лагічным і апраўданым.

Спрактыкаваны чытач, безумоўна, заўважыць тонкі ход аўтара, які сцвярджае: самае цікавае побач — і не варта шукаць прыгод недзе ў іншых краінах. Праўда, мы звыкліся з той прыгажосцю, што вакол нас, а вось для касмічнага госця дзіўным выглядае і каток на "Мінск-арэне", і прагулка на веласіпедах, і нават гульня ў футбол, і рэчка, і самыя звычайныя бярозкі. Кніга вучыць любіць усё беларускае: з якім захапленнем апісвае аўтар, як гатуюцца беларускія дранікі. 

Трэба адзначыць, што прыём традыцыйны для творчасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавой: сімвалы беларускай культуры прысутнічаюць практычна ва ўсіх яе кнігах (беларускі лён у космасе, напрыклад). Патрыятычная накіраванасць уласціва і іншым творам Кацярыны Хадасевіч-Лісавой: "Падарожжы ў Чароўны лес", "Касмічная адысея хлопчыка Стасіка", "Казкі чараўніцы Зімы", "Казкі сівой даўніны", "Казкі Сіняй падушкі", “Код геніяльнасці”. 

Аўтар, безумоўна, арыентуецца на чытача: падлеткі бачаць сябе такімі, якія яны ёсць, такімі, якімі хацелася б ім быць, а часам і такімі, якімі хацелі б іх бачыць дарослыя. Але мала ісці ўслед за патрабаваннямі юных чытачоў, неабходна весці іх у задуманым накірунку. Літаратура сёння, як ніколі раней, павінна быць крыніцай духоўнасці.  І няхай падлетак трымае ў руках планшэт ці іншы гаджат, але з файлам цікавай кнігі "Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка". 

Рэгіна ЧАШУН, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Ждановіцкая сярэдняя школа”

 

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!
Ваше имя:


wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok

        


Введите цифры на картинке:

Поделиться ссылкой вКонтакте
Поделиться ссылкой в Twitter