Прысталiчча

Газета Минского района

Хваляваннем адклікаецца душа



 Часам, праглядваючы разнастайныя музыкальныя конкурсы і праекты, задумваюся: вось бы нашы выканаўцы з Мінскага раёна там выступілі! Я даўно пераканалася, што таленту ў нашых прысталічных артыстаў ніколькі не менш, чым у прызнаных зорак. Варта толькі выкарыстаць усе сучасныя магчымасці тэхнікі — і будзе грандыёзнае рознажанравае выступленне. Мне вельмі прыемна, што мая суразмоўца Вольга Ефіменка таксама прытрымліваецца гэтай думкі. Прызнаюся, што калі ўпершыню ўбачыла яе пастаноўку і пачула голас на адным з мерапрыемстваў у ДУА “Бараўлянская школа №2”, дзе Вольга працуе настаўнiкам музыкi, я была ў захапленні… Яна не падобная да капрызных зорак, якім патрэбны скандалы, каб быць папулярнымі. Гэта пярэчыць яе жыццёвым прынцыпам. На першае месца яна заўсёды ставіць працу над сабою.

— Хваляванне не пакідае мяне ніколі падчас выступлення, — гаворыць Вольга. — Мне здаецца, што артыст, які не хвалюецца, не атрымоўвае асалоды ад сваёй творчасці, так званага куражу, эйфарыі. Праўда, зараз хваляванне крыху іншае, я ведаю, што змагу знайсці выхад з любой нестандартнай сітуацыі. Зразумела я гэта пасля таго, як аднойчы падчас выступлення забылася на словы. Новы тэкст быў прыдуманы прама на сцэне, у час выканання кампазіцыі. Слухачы, якія не ведалі арыгінала, нават не здагадаліся пра маю “маленькую імправізацыю”. Я хутчэй перажываю за канчатковы вынік, хочацца, каб не было ніякіх недарэчнасцяў.

Талент не гарантуе поспеху

Калі ў вас ёсць гітара ці фартэпіяна, гэта не значыць, што ў вас атрымаецца музыка. Спачатку трэба крануць струну, націснуць клавішу. Без намагання і старання не бывае вынікаў. Чым больш я працую, тым большыя патрабаванні выстаўляю для сябе, павышаю планку. Патрабавальная я і да сваіх вучняў: заўсёды кажу ім, што аднаго таленту недастаткова. Добры слых і голас не гарантуюць поспеху. І на самай справе вядомыя артысты “выкоўваюць сябе”. Важна ўсё: і дасканалыя ноты, і стыль, і кантакт позірку з аудыторыяй, жэсты і створаны сюжэт. Аўдыторыю не падманеш, яна адчувае твой настрой, тваю апантанасць працай, таму не менш важна проста любіць сваю справу. Усе нашыя рэпетыцыі праходзяць весела, мы жартуем. Я імкнуся пазбягаць клішэ і павучальнага тону: мы ствараем разам, імправізуем, з паўсотні ідэй выкрышталізоўваем адну-адзіную, якая задаволіць і выканаўцу, і кіраўніка, якая стане сюрпрызам для аўдыторыі.

Не патануць 

ў хвалях крытыкі 

і славы

Адзінае, ад чаго я перасцерагаю сваіх вучняў: і жорсткую крытыку, і ўзнёслае ўсхваленне трэба прымаць асцярожна. Найперш, каб не страціць сваю неардынарнасць і, канечне, каб слава не засцілала вочы. Я добра стаўлюся да розных музычных праектаў. Радуе, што іх становіцца усё больш і больш і ў Беларусі, і за яе межамі. Але часам бывае вельмі крыўдна за тых юнакоў і дзяўчат, якія, атрымаўшы сваю “хвіліну славы”, яшчэ пэўны час утрымліваюцца на хвалі поспеху, а затым бясследна знікаюць, на іх хутка забываюцца… Гэта траўма для творцы.

Конкурс 

як экзамен

Безумоўна, конкурсы заўжды справа суб’ектыўная. Але не удзельнічаць ў іх было б глупствам: гэта магчымасць убачыць сябе і сваю працу ў параўнанні з іншымі. Адзначыць для сябе недахопы, каб у далейшым пазбягаць іх. Я вельмі эмацыянальна перажываю за выканаўцаў, якім дапамагаю “паставіць” голас, прыдумаць нумар. Здараецца, што нават даводзіцца плакаць 

з-за несправядлівых балаў суддзяў. І тады мае вучні мяне супакойваюць, прыгадваюць мае ж словы пра ўсхваленне і крытыку.

Найлепшая праца — гэта любімае захапленне

Я знайшла для сябе ідэальную формулу існавання — калі хобі становіцца любімай працай. Я сапраўды атрымоўваю асалоду ад кожнага дня, калі ён напоўнены музыкай. Як бы высакапарна гэта ні гучала, але музыка і спевы — сэнс майго жыцця. Гэта адзінае, што я магу рабіць дасканала, гэта мой хлеб. Быў час, калі я кожны дзень ехала на электрычцы з іншага горада на працу ў Мінскі раён. Зараз я ўжо маю ўласную кватэру і тым не менш ніколькі не шкадую пра той перыяд жыцця. Гэта было чароўна, калі падчас дарогі пад грукат колаў ты паглыбляешся ў свае думкі, і ў цябе нараджаюцца новыя праекты.

Натхненне з былых пакаленняў

Калі мне патрэбна натхненне, я звяртаюся да мінулага. Мяне заварожваюць песні, якія спявалі нашыя бабулі. Свет змяняецца толькі вонкава, гэта ўсяго толькі дэкарацыі, а пачуцці, праблемы ва ўсе часы вельмі падобныя. Зараз я маю магчымасць рабіць аранжыроўкі, надаваць вядомым словам новае гучанне. Мне прыемна, калі мае знаходкі падабаюцца моладзі, і песня зноў мае права на жыццё ды нават становіцца папулярнай. Час ад часу я і сама пішу песні.

З намерам будаваць кар’еру

Пра асабістыя планы, напэўна, казаць шмат не буду. Не тое, што баюся сурочыць, проста пакуль не магу вызначыцца канчаткова. Але, паколькі мне падабаецца працаваць з дзецьмі, дык хутчэй за ўсё я пачала б ўласны дзіцяча-моладзевы праект, які быў бы добрым трамплінам для вялікай музычнай кар’еры.

  Таццяна САРОКА.

 

Тема : культура

Оставить комментарий: