Прысталiчча

Газета Минского района

Выдатніца стала стабальніцай



Выпускніца Бараўлянскай гімназіі Улада Грамыка атрымала 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове. Яна адзіная з абітурыентаў прысталічча, каму ў гэтым годзе скарыўся максімальны вынік на ЦТ. Мы пагутарылі з Уладай пра падрыхтоўку да тэстаў, планы на будучыню і адносіны да беларускай мовы. 
 
Улада нарадзілася ў Гомелі. Пазней яе сям’я пераехала ў Бараўляны. Тут дзяўчынка пайшла ў дзіцячы садок, потым у гімназію. Вучылася Улада добра, у рэшце рэшт скончыла школу з залатым медалём. Захаплялася маляваннем, танцамі, дызайнам адзення і шмат яшчэ чым, займалася ў подыум-школе. Менавіта такой – апантанай рознымі ідэямі, задумкамі, з рознабаковымі інтарэсамі, – ведаюць яе родныя і знаёмыя. Як прызнаецца дзяўчына, выбраць штосьці адно для яе даволі цяжка, бо хочацца паспець усюды, навучыцца многаму. А яшчэ Улада марыць стаць урачом. 
 
– У першым класе вырашыла, што буду медыцынскім работнікам. Спачатку думала стаць стаматолагам, але потым зразумела, што хачу быць касметолагам, каб дапамагаць жанчынам прыгожа выгля­даць, – гаворыць Улада.
 
Стабальніца ўпэўнена ідзе да сваёй мэты. 
 
«Сотак» менш, чым у мінулым годзе

Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх прадметах ужо даступныя абітурыентам. У параўнанні з мінулым годам колькасць выдатнікаў зменшылася.

Абсалютныя вынікі, як паведамляе РІКВ, паказалі 325 чалавек, з іх 12 зрабілі гэта двойчы (па двух прадметах). У 2018 годзе максімальны бал атрымалі 392 абітурыенты (у 16 з іх «сотка» па двух прадметах).
 
Пра падрыхтоўку да ЦТ 
 
Улада здавала тэсціраванне па беларускай мове, хіміі і біялогіі. На ЦТ па хіміі, як і па біялогіі, таксама паказала даволі высокі вынік. Разам з «соткай» па беларускай мове і сярэднім балам атэстата 10 (аўтаматычна пераводзіцца ў 100 балаў) дзяўчына мае 365 балаў. Гэтага, спадзяецца абітурыентка, будзе дастаткова для паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. Хаця зараз прагназаваць складана. Можа так стацца, што прахадныя балы будуць значна адрознівацца ад мінулагодніх.
 
Пацікавілася, як праходзіла падрыхтоўка да ЦТ па беларускай мове. Улада расказала, что пачала займацца дадаткова ў 11-м класе:
 
– Рэпетытара ў мяне не было. Займалася на ўроках, хадзіла на факультатыў, які вяла наша настаўніца Ганна Мечыславаўна Пацэль. Яна параіла нам купіць зборнікі тэстаў і правілаў. Мы пачалі рашаць мінімум два тэсты за тыдзень. Каб было зручней, сшытак дзялілі напалам, з аднаго боку пісалі адказы на тэсты, з другога – рабілі работу над памылкамі. Гэта вельмі добрая сістэма на самай справе. Адразу бачыш, дзе робіш памылкі, што трэба паўтарыць ці давучыць. Да Ганны Мечыславаўны можна было ў любы момант падысці, папрасіць дапамогі. Спачатку я рашала прыкладна два тэсты ў тыдзень. Пасля ўжо насіла зборнік з сабой усюды і займалася, як толькі выпадала вольная хвілінка.
 
– Што такі вынік будзе, не чакала, – прызнаецца Улада. – Мне здавалася, што абавязкова зраблю нейкую памылку… 
 
Па словах дзяўчыны, тэсты з года ў год паўтараюцца, заданні складаюцца на адны і тыя ж правілы і выключэніі. Трэба проста вучыць прадмет. 
 
Пра адносіны да беларускай мовы
 
– Да беларускай мовы я заўсёды ставілася і стаўлюся з вялікай павагай. Некаторыя сябры пыталі, чаму выбрала ЦТ па беларускай, а не па рускай мове... Зразумела ж чаму: я родам з Беларусі, а не з Расіі. Як можа быць інакш? Пакуль яшчэ родная мова не стала для мяне паўсядзённай, але калі да мяне звяртаюцца па-беларуску, таксама адказваю па-беларуску. У дзяцінстве мы з мамай рабілі дні беларускай мовы. І зараз у Дзень роднай мовы я звычайна прапаную матулі размаляўляць па-беларуску. 
 
Улада чытае беларускіх аўтараў, яе любімы пісьменнік – Васіль Быкаў. Асабліва падабаецца яго «Альпійская балада». Дзяўчына спрабуе сябе ў літаратуры: піша вершы на беларускай і рускай мовах. Некаторыя свае творы публікуе ў сацыяльных сетках. Хоча атрымаць другую вышэйшую адукацыю філалагічнага профілю.
 
Якія вынікі па іншых прадметах?

Максімальны бал на ЦТ па рускай мове – у 36 абітурыентаў. У параўнанні з 2018-м колькасць выдатнікаў па прадмеце знізілася роўна ў паўтары разы (у мінулым годзе іх было 54). Амаль у тры разы больш стабальнікаў па матэматыцы: 101. Па хіміі сёлета 17 абсалютных вынікаў, па фізіцы – 15. На сто балаў ЦТ па гісторыі Беларусі здалі 12 чалавек (на 2 больш, чым летась). Геаграфію на сто балаў ніхто не напісаў. Што ж тычыцца Сусветнай гісторыі (Найноўшага часу), то тут, як і ў мінулым годзе, рэкардсменаў двое. Амаль у чатыры разы больш стабальнікаў па біялогіі: 43 супраць 11 у мінулым годзе. Запаветны максімум па грамадазнаўстве скарыўся 15 абітурыентам (11 у ­2018-м). Максімум па англійскай мове набралі 42 абітурыенты, што на 52 менш, чым у мінулым годзе.
 
 
Парады абітурыентам наступнага года
 
– Па-першае, стрымліваць хваляванне. Разумею, што гэта складана, але трэба пастарацца. Важна добра спаць і есці, каб былі сілы на вучобу. А займацца ў 11 класе прыйдзецца шмат. Трэба і дамашнюю работу паспяваць выконваць, і да тэстаў рыхтавацца. Яшчэ раю абавязкова слухаць настаўнікаў, іх парады.
 
Пра адпачынак
 
– Школа, алімпіяда па хіміі (я прайшла на вобласць), падрыхтоўка да тэстаў. Вольнага часу было зусім нямнога. Пасля сямі-васьмі заняткаў ў школе магла дазволіць сабе гадзіну адпачынку. Увечары, зрабіўшы ўсё запланаванае, магла прагуляцца на свежым паветры. Бавіць час з сябрамі ў 11-м класе амаль не давялося. Сустракаліся разы два ці тры... Я спадзяюся, мае сябры ўсё разумелі і на мяне не злаваліся. Яны ж ведаюць, як я хачу стаць доктарам. А для паступлення ў медуніверсітэт трэба мець высокі бал.
 
У сераду Улада Грамыка атрымала свае сертыфікаты, у тым ліку стабальны – па беларускай мове. Сёння пачынаецца ўступная кампанія ў ВНУ. Жадаем Уладзе поспехаў. Няхай яе мара стаць урачом ажыццявіцца! 
 
Святлана ВАШЧЫЛА

Оставить комментарий: