Прысталiчча

Газета Минского района

Тут Мінск узнік, Купала час праводзіў



Купаловский ясень

Мінскі раён сфарміраваны ў 1934 годзе як Прыгарадны раён, але ўжо праз год быў перайменаваны і атрымаў сучасную назву. Ён мяжуе з 9 з 22 раёнаў Мінскай вобласці.  Сумарная плошча населеных пунктаў прысталічча амаль у 3,5 разы перавышае плошчу горада Мінска. Раён лічыцца густанаселеным (колькасць жыхароў на 1 студзеня 2019 года склала звыш 230 тысяч чалавек). Тут сканцэнтраваны аграрны і прамысловы патэнцыял нашай краіны. Пры гэтым амаль трэць Мінскага раёна займае лес. Яшчэ некалькі цікавых і малавядомых фактаў пра Мінскі раён чытайце ніжэй.

Калыска сталіцы

Шмат хто ганарыцца тым, што наша сталіца старэйшая  і за Маскву, і за Вільнюс з Варшавай, і за Рыгу. Нагадаем, упершыню Мінск узгадваецца ў летапісе ў 1067 годзе ў сувязі з крывавай бітвай на Нямізе. Але мала хто ведае, што першапачаткова Мінск узнік менавіта на тэрыторыі прысталічча. Месцам яго заснавання стала гарадзішча на Менцы, што ў Шчомысліцкім сельсавеце Мінскага раёна. Горад знаходзіўся там да 1067 года. Пасля таго, як Мінск быў спалены кіеўскімі князямі, яго перанеслі на іншае месца – туды, дзе Няміга ўпадала ў Свіслач. Да такой высновы прыйшла большасць беларускіх даследчыкаў. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што людзі жылі ў гэтых мясцінах яшчэ ў трэцім-чацвёртым тысячагоддзі да нашай эры. У IX стагоддзі ўтвараецца арганізаванае паселішча з цэнтрам – умацаваным замкам на велічных валах. Валы добра захаваліся да нашага часу і маюць вышыню 8–10, месцамі – 12 метраў. Адсюль відаць ускрайкі Мінска, а гэта – толькі ўявіце сабе – 6 кіламетраў!

«Камень кахання»

Багаты Мінскі раён і на прыродныя славутасці. Тут працякаюць дзве дзіўныя па прыгажосці і чысціні ракі – Вяча і Волма. У Мінскім раёне створаны шматлікія ландшафтныя заказнікі. Таксама тут знаходзяцца ахоўныя тарфянікі. І добра вядомыя зоны адпачынку – Мінскае мора, вадасховішчы Дразды, Вяча, Пціч. Прыцягваюць да сябе ўвагу краязнаўцаў, геолагаў і проста дапытлівых людзей знакамітыя прысталічныя валуны. Сюды яны патрапілі дзякуючы леднікам. Ёсць валун з паэтычнай назвай «Камень кахання». Лічыцца, што ён дапамагае ў пошуках другой палавінкі. Для гэтага трэба са светлымі думкамі дакрануцца да каменю, пажадаць яму дабра і папрасіць аб патаемным.

Купалаўскі ясень

Лысая Гара – невялікая вёсачка Юзуфоўскага сельсавета на поўначы Мінскага раёна, адкуль адкрываюцца казачныя панарамы. Прырода гэтых мясцін ў 20-я гады мінулага стагоддзя вельмі ўражвала Янку Купалу, была адной з крыніц яго натхнення. Прывабліваюць мясціны і сучасных рамантыкаў, якія абавязкова наведваюць высокі і магутны ясень. Яму, па розных ацэнках, 300–400 год. Пад разгалістым ясенем любіў праводзіць час народны паэт Беларусі Янка Купала. Пясняр прыязджаў сюды ў госці да сваіх знаёмых Бычкоўскіх, збіраў фальклор у Акопах і навакольных вёсках. Нездарма гэтае дрэва назвалі купалаўскім.

У Лысай Гары таксама праходзілі нелегальныя сходу педагогаў. У іх удзельнічаў і Купала. Захаваліся цёплыя успаміны пра паэта сына Бычкоўскага, Пятра. Ён пісаў, што Купала прыязджаў на Лысую Гару часта. Паважаў Бычкоўскага, сябраваў з яго сям’ей. Калі ў 1913 годзе ў Бычкоўскіх нарадзілася дачушка Марыя, Янка Купала стаў яе хросным. Марыя доўга берагла падарунак хроснага бацькі – залаты крыжык з ланцужком, але ў цяжкі час вымушана была прадаць.

Тема : Відавочнае-неверагоднае

Оставить комментарий: