Официально

Регион

Сацсеткі ловяць нас у сеткі


 З сацыяльных сетак: Чытаючы статусы ў “Аднакласніках”, жахаюся: 

усе гэтыя людзі ходзяць па вуліцах без нагляду побач з дзецьмі…
 

Сацыяльныя сеткі становяцца ўсё больш папулярнымі, а жыццё многіх з нас ператвараецца  ў паўсядзённыя гонкі з  “Аднакласнікамі” ці  “УКантакце”. Любое спаборніцтва, безумоўна, мае фінал – пераможцаў і пераможаных! А па які бок знаходзімся мы? Ужо не першы дзень псіхолагі і неўролагі б’юць трывогу: сацыяльныя сеткі  — новы від залежнасці. На жаль, рэгулярна заўважаю, што нават блізкія людзі паступова становяцца носьбітамі гэтай страшнай інтэрнэт-хваробы.

Залежнасць

Не сакрэт, што наркотыкі і алкаголь — вялікая бяда, але інтэрнэт-залежнасць, мабыць, яшчэ большае няшчасце. Калі маладыя людзі не могуць і тыдня пратрымацца, каб не зайсці на сваю старонку ў “Фэйсбуку”, значыць яны поўнасцю сталі рабамі сацыяльных сетак. Не так даўно жыхарку Баранавічаў пазбавілі бацькоўскіх правоў па прычыне залежнасці ад інтэрнэт-павуціны. Гульні і сацыяльныя сеткі яе настолькі паглынулі, што да родных дзяцей не стала ніякай справы. А цяпер позна: дзеці ў інтэрнаце, а з ёй яшчэ доўга прыйдзецца працаваць спецыялістам, каб вярнуць да нармальнага жыцця і разумення таго, што яна… маці ў першую чаргу.
 
Залежнасці такога тыпу маюць некалькі прычын. Па-першае, калі мы бачым “цёплы” каментарый пад сваім фотаздымкам або “лайк”, адчуваем такія пазітыўныя эмоцыі, якіх хочацца ўсё больш і больш, а гэта ў сваю чаргу зноў цягне нас памяняць свой “статус”, размясціць новае фота і г.д. Гэта — безумоўнае славалюбства, якое праяўляецца ў чаканні адабрэння выкладзенай інфармацыі ў любым выглядзе, каб толькі прыцягнуць увагу.  На жаль, выстаўленае на паказ жыццё ў інтэрнэт-прасторы наносіць урон душы! Многія могуць запярэчыць:сваякі жывуць далёка, таму няхай хоць у “Аднакласніках” паглядзяць на наш быт. А вы не задумваліся аб тым, што любую інфармацыю можна адправіць e-mail-паведамленнем, электронныя скрыні яшчэ ніхто не адмяняў! А вось для многіх  жыхароў сельскай мясцовасці нават сёння важны сродак атрымання інфармацыі — паштовая скрыня,  яны з нецярпеннем чакаюць аўторка, калі паштальён прынясе раёнку ці сваякі з замежжа прышлюць пасылку альбо пісьмо з новымі фотаздымкамі. Ім не цікава “сэлфі”, а пра “вайбер” некаторыя нават і не чулі. Пры гэтым нельга сказаць, што яны сябе дрэнна адчуваюць ці жывуць горш за іншых. Пакаленне нашых бабуль і дзядуль — кладзезь карыснай інфармацыі, мудрасці, духоўнасці, маральнасці і  культурнасці, што асабліва актуальна зараз, у Год культуры. Вось дзе трэба чэрпаць усё самае лепшае!.. Не забывайце пра абагачэнне душы, а не толькі кішэняў.
 
Па-другое, чалавек, які, напрыклад, сядзіць “УКантакце”, атрымлівае інфармацыю дробнымі порцыямі праз невялікія адрэзкі часу: прачытаў каментарый — адказаў, тут жа “клікнуў” навіны, там натыкнуўся на цікавы пост — пачаў чытаць, паралельна ўключыў музыку, не дачытаў, бо прыйшло паведамленне ад сябра, — і так бясконца!.. Такі рэжым работы мозга смела можна параўнаць са шчаўканнем семак, ад якіх так цяжка адарвацца, занятак зацягвае ў прыемны вір смаку. 
 
Такім чынам, наш мозг паступова звыкаецца з такой дзейнасцю і перастае рацыянальна думаць і канструяваць глыбокія ідэі (сіндром  дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці), адчувае толькі смак сацыяльнай “салянкі”. Цяжкасці выклікае нават звычайны працэс чытання. А навошта чытаць штосьці фундаментальнае, канцэнтраваць увагу? Сацыяльныя сеткі ў плане інфармацыі больш разнастайныя, зручныя, хуткія і даступныя для любога карыстальніка — як порцыя інсуліну, якая, трапляючы ў клетку, “ўзрывае” мозг!

Ломка і свабода

Залежнасць ад сацыяльных сетак паступова перарастае ў інфармацыйную ломку: калі новыя звесткі не паступаюць, бо няма доступу ў інтэрнэт, а мозг “распірае” даведацца аб навінах. А самае галоўнае, што гэта хворае жаданне не задавальняе ні чытанне кніг, ні праслухоўванне музыкі, ні пешыя прагулкі... Статыстыка жахлівая: 80% апытаных беларусаў у сацыяльных сетках не могуць не праверыць сваю старонку хаця б раз на працягу сутак. Кожны трэці карыстальнік інтэрнэту штодзённа заходзіць на сваю старонку ў сусветнай павуціне “Кантакту”, “Фэйсбуку” ці “Аднакласнікаў” з мэтай зносін, якія хутка ператвараюцца ў залежнасць. 
 
Калі:
 
1. Сустрэчы з сябрамі і жывыя  зносіны рэгулярна замяняеце на віртуальныя;
 
2. Вольны час бавіце ў сацыяльных сетках, а не на вуліцы, тэатры, кіно; 
 
3. Адчуваеце пастаянную патрэбу ў абнаўленні сваёй “сацыяльнай” старонкі  (дома, на рабоце, у дарозе з телефона);
 
4. Адчуваеце дыскамфорт, калі не маеце магчымасці зайсці ў інтэрнэт;
 
5. Збіраецеся зазірнуць у сацсеткі на пару хвілін, а “завісаеце” на некалькі гадзін;
 
6. Жаданне памяняць статус, размясціць новыя фота, падлічыць прагляды і ацэнакі наведвальнікаў набывае дакучальны характар;  
 
7. Многа грошай траціце на розныя платныя опцыі ад сацыяльных сетак. 
 
Вы ў пастцы!!!

  Віртуальнае і рэальнае

Сацыяльныя сеткі і сеткавыя супольнасці самі па сабе сродак камунікацыі і наладжвання новых кантактаў, але жывыя зносіны аб’ядноўваюць душы, а інтэрнэт-размовы — мёртвыя ў сваёй аснове. Раніцай метро перапоўнена людзьмі, а адчуванне такое, што вакол пуста, бо ўсе яны з галавой у сваіх планшэтах і андроідах. Чамусьці ўспомніўся фільм “Белыя росы”, дзе галоўны герой Хведар гаварыў аб тым, што хутка на вуліцы пагаварыць не будзе з кім. Там, праўда, быў крыху іншы кантэкст. А вось у мяне такое адчуванне, што хутка жывую размову таксама заменіць новы гаджат. Помніце: электронныя носьбіты не  могуць перадаць эмоцыі і пачуцці! Акрамя таго, нашы вочы больш успрымальныя да папяровай інфармацыі, а не маніторнай. Парадокс: тэхніка праз сотні і тысячы кіламетраў збліжае людзей, а на самой справе — усё больш і больш аддаляе адзін ад аднаго, разбурае сем’і і адносіны. Нядаўна расказалі гісторыю, якая не проста засмуціла, а прымусіла яшчэ раз задумацца і пераглядзець асабістыя адносіны да сацыяльных сетак. Сям’я на мяжы разводу: жонка вяртаецца з працы, садзіцца за камп’ютар пад выглядам таго, што ёй трэба завяршыць чарговую справаздачу (спакойна вядзе перапіску з сяброўкамі ў сацыяльных сетках), а муж пры гэтым займаецца гаспадаркай, гатуе вячэру і вучыць з дзецьмі ўрокі. Дзесяць гадоў таму сітуацыю цяжка было б нават уявіць, бо яна супярэчыць усім сямейным канонам. Людзі, што ж з намі адбываецца?
 
Чаму метал кіруе намі, а не мозг?     

Таблетка ад хваробы

 Кожны трэці жыхар Беларусі  праводзіць у сацыяльных сетках амаль 9,8 гадзіны ў месяц. Пры гэтым мільёны карыстальнікаў скардзяцца, што яны нічога не паспяваюць (напрыклад, у бытавым плане).  Найлепшы варыянт пазбаўлення ад залежнасці — строга абмежаваць час, праведзены ў сацыяльных сетках, выкарыстоўваць іншыя формы зносін і адпачынку. Але, калі размова ідзе ўжо аб залежнасці, то пазбавіцца ад хваробы самастойна складана. Таму ёсць сэнс звярнуцца да спецыялістаў — псіхолагаў, неўролагаў і псіхатэрапеўтаў. 
 
Чым больш даступным становіцца інтэрнэт, тым больш востра адчуваецца праблема інтэрнэт-залежнасці. Зараз у многіх дзяржавах (у тым ліку і ў нас) сапраўдны бум сацыяльных сетак, а залежнасць ад іх — гэта ўжо дыягназ! 
 
  Наталля МАЛЬЦАВА.
 

Размещено: 18.03.2016

 

Комментарии:

21.01.2017 20:09 нина:

люди будьте бдительны  любая зависимость всегда опасна

Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!

Ваше имя:



wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok
        

Введите цифры на картинке: