Выборы-2018

 

Официально

Регион

Асцерагайцеся спама-вірусаў!


 Карэл Чапек: За ўвесь тыдзень ні адной сусветнай катастрофы. Навошта я выпісваю газету?

Сапраўды, сёння інтэрнэт — самы вялікі інфармацыйны рэсурс, які з кожным днём папаўняецца новымі карыстальнікамі. Таму зусім не здзіўляе той факт, што і перыядычныя выданні — газеты і часопісы — для саёй папулярызацыі імкнуцца заняць пэўную нішу на прасторах сусветнай павуціны.

Ці ёсць сэнс выпускаць газету ў друк, калі яе можна замяніць электроннай версіяй? Безумоўна, ёсць: хаця б па прычыне таго, што нават сёння не кожны чытае з экрана камп’ютара ці смартфона; наўрад ці той, хто многа гадоў трымае ў руках друкаванае выданне, будзе набываць сучасны гаджат толькі для чытання. Акрамя таго, многія ўспрымаюць тэкст менавіта на папяровым носьбіце намнога лепш, чым яго электронны аналаг. Да таго ж, газета не мае столькі вірусаў і спамавага “шлаку”, якімі перанасычаны інтэрнэт.

Для многіх сем’яў нават цяпер выпісваць і чытаць раённую газету – добрая традыцыя. Памятаю, калі я была маленькай, тата па вечарах заўсёды чытаў услых, нават суседзі прыходзілі на “вячоркі”, дзе абмяркоўваліся ўсе навіны. А мы, дзеці, стараліся як мага хутчэй схапіць выданне з паштовай скрыні і напераганкі ляцелі да таты… з газетай! 

Жыццё бяжыць ад журналістыкі з хуткасцю высокахуткаснага “інэту”, а журналісты “Прысталічча” як мага лепш стараюцца наблізіць свайго чытача да жыццёвых падзей. Менавіта карэспандэнты першымі інфармуюць жыхароў раёна аб навінах, расказваюць пра дасягненні і рэкорды ў розных рубрыках: палітычнай, эканамічнай, маладзёжнай, адукацыйнай, культурнай, абслугоўваючай, сельскагаспадарчай; вядуць своеасаблівы дыялог паміж мясцовай уладай і насельніцтвам. Нумары з фотаздымкамі нашых блізкіх, суседзяў ці проста знаёмых доўгі час  захоўваюцца ў сямейных архівах, выклікаючы пачуццё гонару. 

Актуальныя пытанні, кампетэнтныя адказы, крымінальныя сюжэты, парады спецыялістаў, паўсядзённыя праблемы, важныя палітычныя рашэнні дапоўнены разгорнутымі праграмамі тэлебачання і радыё, змястоўнай рэкламай. Чытач радуецца і здзіўляецца, а часам нават абураецца: “Зноў многа рэкламы, праграма тэлебачання заняла некалькі старонак”. Цудоўна: значыць, вы не раўнадушныя да зместу, вы — сапраўдныя субяседнікі,  з якімі кожны дзень цікавы. Кагосьці хочацца павіншаваць ці выказаць падзяку – тады ў рэкламны аддзел. А якімі павучальнымі часам бываюць праблемныя артыкулы і падзеі за тыдзень. Уявіце сітуацыю: адсутнічае інтэрнэт, адключылі электрычнасць, не кожны пенсіянер мае камп’ютар… Выратаванне — карысная газета: яе можна пачытаць у дарозе, у парку, у любым месцы. 

У такі інфармацыйна перагружаны час усе мы стамляемся, раздражняемся, і так хочацца ўвечары адпачыць, атрымаць нейкі рэлакс. Мы садзімся на любімую канапу, бяром у рукі друкаваныя аркушы, якія яшчэ ўтрымліваюць пах тыпаграфскіх фарбаў, знаходзім карыснае для сябе…а тут падбягаюць дзеткі — ім цікава, чым займаецеся вы. Усе разам трапляем на “Дзіцячую пляцоўку”. Пачынаецца сумесная творчасць: загадкі, хуткамоўкі, вершы і нарэшце – павучальная казка, якую заўтра яны абавязкова раскажуць у дзіцячым садку, а гэта шчасце. Шчасце, што ёсць магчымасць пагутарыць са сваімі дзецьмі, а не тыцнуць (прабачце, што груба) у чарговы раз новую гульню на планшэце, толькі б адчапіліся. Няхай далей псуюць зрок, развіваюць скаліёз, раздражняюцца, ляпаючы па клавішах, гледзячы розныя страшылкі. Чаго чакаць ад такога пакалення ан-лайн?..

Дарэчы, знайсці адказы на розныя пытанні міжасобных зносін (сям’я, дзеці, калегі і г.д.), карысныя парады псіхолага дапамогуць “Жаночыя сакрэты”.

Плануйце адпачынак разам з нашым “Калейдаскопам”, дзе ёсць астранамічныя парады і зарадкі для розуму (красворды). Разнастаіць вольны час дапаможа “Афіша” — культурныя мерапрыемствы, акцыі, выстаўкі, музейныя, тэатральныя і кінанавінкі не толькі раённыя, але і сталічныя. 

У “культурную  суботу” не забывайцеся пра гісторыю, традыцыі і звычаі нашых продкаў — самае каштоўнае, што мы павінны перадаць будучым пакаленням. 

Не цурайцеся роднага — выпісвайце друкаванае раённае выданне.

Лічу, што газета заўсёды будзе запатрабавана чытачом. Вельмі… Безумоўна, паступова яе разбавіць сеткавая версія — насамрэч гэта не страшна. Важна трымаць гэтыя літары ў руках, праўда?.. 

Выбірай сваю версію, мой чытач!

 Наталля МАЛЬЦАВА.

Размещено: 04.12.2015


Оставить комментарий:

Для рекламы используйте доску объявлений!

Ваше имя:



wink smile tongue biggrin lol closedeyes glare huh sad angry cool unsure ohmy blink shok
        

Введите цифры на картинке: